Прашэньні беларусаў на прадстаўленьне прытулку ў Літве цяпер правяраюць больш старанна з прычыны пагрозы ўкараненьня агентаў КДБ Беларусі, заявіў выданьню LRT намесьнік міністра ўнутраных спраў Літвы Арнольдас Абрамавічус.
«Мэтады працы рэжыму могуць быць розныя: гэта могуць быць людзі, укаранёныя з самага пачатку. Можа, рэжым выявіў нейкія слабыя месцы, зьвязаныя з блізкімі, сваякамі, маёмасьцю», — адзначыў ён.
На думку Арнольдаса Абрамавічуса, «тыя, хто хацеў пакінуць краіну, зрабілі гэта адразу пасьля выбараў», таму ўсіх астатніх цяпер «правяраюць вельмі старанна».
«Мы больш строга правяраем асобаў, якія запытваюць статус уцекача і заяўляюць, што яны зьяўляюцца прадстаўнікамі беларускай дэмакратычнай апазыцыі», — дадаў намесьнік міністра літоўскага МУС.
Паводле зьвестак Эўрастату, у 2023 годзе беларусы падалі 285 прашэньняў аб прытулку ў Літве, у 2022 годзе — 415, у 2021 годзе — 245, у 2020 годзе — 80.
У 2023 годзе Літва выдала беларусам 4580 шэнгенскіх візаў.
На 1 ліпеня 2024 году ў Літве пражывалі 62 535 беларусаў зь дзейнымі відамі на жыхарства. У чэрвені Служба занятасьці Літвы паведамляла, што ў краіне на падставе дазволаў на працу занятыя 48 600 беларусаў.
З канца лістапада 2022 году да канца 2023 году, Літва прызнала 1644 беларусаў «пагрозай нацыянальнай бясьпецы», паведамлялі ў Дэпартамэнце міграцыі пры МУС Літвы. У тым ліку 562 беларусам адмовілі ў дазволе на часовае пражываньне, яшчэ 450 беларусам яго анулявалі, 343 — вырашылі не працягваць, двойчы беларускім грамадзянам адмовілі ў выдачы сталага ДНЖ, яшчэ васьмі анулявалі яго, 279 беларусам адмовілі ў атрыманьні нацыянальнай літоўскай візы.
Большасьць рашэньняў прынялі пасьля запаўненьня адмысловай анкеты, уведзенай у канцы лістапада 2022 году, у якой, сярод іншага, ёсьць пытаньні пра стаўленьне да вайны ва Ўкраіне і прыналежнасьць Крыму, а таксама пытаньні пра кантакты са спэцслужбамі, службу ў войску ці сілавых ведамствах і інш.
Форум