Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн прыняў у Белым доме расейскага апазыцыянэра Ўладзіміра Кара-Мурзу і яго сям’ю


Архіўнае фота. Сваякі вызваленых з расейскіх турмаў амерыканцаў у Белым доме. Крайнія справа - жонка і дзеці Уладзіміра Кара-Мурзы
Архіўнае фота. Сваякі вызваленых з расейскіх турмаў амерыканцаў у Белым доме. Крайнія справа - жонка і дзеці Уладзіміра Кара-Мурзы

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн прыняў у Белым доме расейскага апазыцыйнага палітыка Уладзіміра Кара-Мурзу і яго сям’ю.

Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні Белага дому, перадае «Голас Амэрыкі».

«Уладзімір правёў два з паловай гады ў несправядлівым зьняволеньні ў Расеі за тое, што выступаў супраць вайны ва Ўкраіне. Сёньня яго сям’я ізноў разам», — напісаў Байдэн у сацсетцы X.

Былы палітвязень Уладзімір Кара-Мурза быў вызвалены 1 жніўня ў рамках маштабнага абмену зьняволенымі паміж краінамі Захаду, Расеяй і Беларусьсю.

Раней у інтэрвію The Washington Post расейскі апазыцыйны палітык выказаў меркаваньне, што пасьля падзеньня пуцінскага рэжыму расейскі народ чакае вялікая праца над памылкамі.

Паводле яго слоў, найважнейшай задачай стане лячэньне і асьвета расейскага грамадзтва ў дачыненьні да падзей, якія адбыліся, а таксама неабходнасьць у грамадзкай адказнасьці за тое, што адбылося.

За свае артыкулы аб дэмакратычнай будучыні Расіі, якія Кара-Мурза, знаходзячыся ў турме, напісаў для Washington Post, у траўні гэтага года палітык атрымаў Пулітцэраўскую прэмію.

У Расеі Кара-Мурза адбываў 25-гадовы тэрмін па абвінавачваньнях у дзяржаўнай здрадзе, супрацоўніцтве з непажаданай арганізацыяй і распаўсюджваньні недакладнай інфармацыі аб расейскім войску. Ён і ягоныя прыхільнікі ўпэўненыя, што яго перасьледвалі выключна за палітычную і грамадзянскую пазыцыю.

Amnesty International прызнала яго вязьнем сумленьня, «Мэмарыял» — палітвязьнем. У 2015 і 2017 гадах Кара-Мурза трапляў у шпіталь з цяжкімі захворваньнямі. Яго стан здароўя ацэньваўся лекарамі як крытычны, ён і яго прыхільнікі ўпэўненыя, што яго спрабавалі забіць.

У Кара-Мурзы апроч расейскага і брытанскага грамадзянства ёсьць амэрыканская грын-карта.

  • 1 жніўня паміж Расеяй і некалькімі заходнімі краінамі на чале з ЗША адбыўся абмен вязьнямі. У яго межах у Расею вярнуліся 8 агентаў спэцслужбаў і двое дзяцей, на Захад трапілі некалькі амэрыканцаў, у тым ліку журналістка татара-башкірскай службы Радыё Свабода Алсу Курмашава і група расейскіх апазыцыянэраў, усяго 16 чалавек.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG