У Цэнтры супрацьдзеньня дэзынфармацыі пры Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны мяркуюць, што мэтай заяў палітычнага і вайсковага кіраўніцтва Беларусі аб новых пагрозах з боку Ўкраіны зьяўляецца адцягнуць украінскія войскі з найбольш важных участкаў фронту.
«Заява беларускага міністра [абароны Віктара Хрэніна] зьяўляецца часткай інфармацыйнай кампаніі па нагнятаньні напружанасьці на мяжы з Украінай, мэта якой — адцягнуць на паўночную мяжу ўкраінскія сілы з важных участкаў фронту. Беларусь ужо не ўпершыню ўдзельнічае ў падобных інфармацыйных атаках супраць Украіны, дзейнічаючы ў інтарэсах Масквы», — адзначаецца ў паведамленьні Цэнтру супрацьдзеяньня дэзынфармацыі.
У арганізацыі мяркуюць, што посьпех украінскай апэрацыі ў Курскай вобласьці выклікае ў Менску «пабойваньні, няўпэўненасьць і трывогу наконт далейшага разьвіцьця расейска-ўкраінскай вайны». Гэтым у Цэнтры супрацьдзеяньня дэзынфармацыі таксама патлумачылі заявы Аляксандра Лукашэнкі аб неабходнасьці перамоў, каб «завершыць гэтую бойку».
16 жніўня на нарадзе з Аляксандрам Лукашэнкам у пытаньнях ваеннай бясьпекі міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў пра «высокую імавернасьць збройных правакацый з боку Ўкраіны».
10 жніўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што 9 жніўня ў 18.10 сілы ВПС і войскаў СПА Беларусі прывялі ў павышаную баявую гатоўнасьць у сувязі з парушэньнем паветранай прасторы Беларусі ў межах Касьцюковіцкага раёну. На думку Лукашэнкі, яе парушылі Ўзброеныя сілы Ўкраіны. Як сьцьвярджае Лукашэнка, у 19.04 беларускія сілы СПА нібыта зьнішчылі некалькі цэляў над тэрыторыяй Беларусі, а астатнія перадалі Расеі — іх, паводле Генэральнага штабу Расеі, «паразілі пад Яраслаўлем». «Іх было каля дзясятка, — заявіў Лукашэнка. — Мы падазраём, што гэта ўдарныя бесьпілётнікі», — дадаў ён.
Пасьля гэтага міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што Лукашэнка даў загад узмацніць групоўкі войскаў на Гомельскім і Мазырскім тактычных кірунках. Паводле Хрэніна, «вайсковыя часткі сілаў спэцапэрацыяў, сухаземных войскаў, ракетных войскаў, у тым ліку рэактыўныя сыстэмы „Палянэз“ і комплексы „Іскандэр“, атрымалі задачы на зьдзяйсьненьне маршаў у прызначаныя раёны. Таксама ажыцьцявілі нарошчваньне сілаў і сродкаў зэнітна-ракетных войскаў, радыётэхнічных войскаў і авіяцыі».
Пазьней Міністэрства абароны Беларусі апублікавала кадры зь нібыта «зьбітымі над тэрыторыяй Беларусі БПЛА». На відэа — фрагмэнты чагосьці падобнага да крыла дрона, якія вісяць на дрэвах і ляжаць на зямлі. Яны ня маюць ніякіх апазнавальных знакаў, якія дазволілі б адназначна сьцьвярджаць, што гэта рэшткі ўкраінскіх дронаў.
Ніякіх іншых доказаў таго, што ўкраінскія дроны перасеклі ўвечары 9 жніўня беларускую мяжу, ні Аляксандар Лукашэнка, ні Міністэрства абароны Беларусі не прывялі.
Форум