Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка знайшоў прычыну «напружанасьці» на мяжы: Беларусь — «у цэнтры геастратэгічных інтарэсаў плянэты»


Аляксандар Лукашэнка, травень 2023 году
Аляксандар Лукашэнка, травень 2023 году

Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў пра «высокую імавернасьць збройных правакацый з боку Ўкраіны».

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што напружанасьць на мяжы Беларусі стала вынікам таго, што краіна «даўно знаходзіцца ў цэнтры геастратэгічных інтарэсаў плянэты».

«Гэта адна з прычын у тым ліку нарошчваньня напружанасьці каля нашых межаў. Плюс да таго, мы таксама гэта даўно бачым, за межамі нашай краіны, зь ліку асабліва нашых зьбеглых, якія выехалі зь Беларусі, фармуюцца рознага кшталту харугвы і, як яны гучна называюць, палкі, цэлыя карпусы для таго, каб уварвацца ў пэўны пэрыяд часу ў Беларусь і ўзяць уладу, павярнуць краіну назад. Мы таксама гэта бачылі і ведаем. Ведаючы гэта, мы заўсёды да гэтага рыхтаваліся — да супрацьдзеяньня гэтым людзям. Асабліва па лініі спэцслужбаў і па лініі Ўзброеных сіл. І найперш арміі», — сказаў Лукашэнка на нарадзе ў пытаньнях ваеннай бясьпекі, паведамляецца на ягоным сайце.

Паводле яго, «для адбіцьця імаверных паскудзтваў» датычна Беларусі ёсьць усё.

Аляксандар Лукашэнка зноў заявіў, што пасьля «падзей зь бесьпілётнікамі» ўзмацнілі кантроль на мяжы з Украінай.

«Больш за тое, мы вывелі туды часткі нашай арміі», — сказаў ён і ўдакладніў, што мае «мапу канцэнтрацыі войскаў» на мяжы з Украінай. (Пасьля гэтага інцыдэнту прадстаўнікі ўкраінскай выведкі і памежнай службы неаднаразова заяўлялі, што не фіксуюць перамяшчэньня ўздоўж мяжы беларускай вайсковай тэхнікі і асабовага складу войскаў. — РС).

Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў пра «высокую імавернасьць збройных правакацый з боку Ўкраіны».

«Абстаноўка на паўднёвым апэрацыйным кірунку застаецца напружанай. Фармаваньні Ўзброеных сіл і памежнай службы Ўкраіны працягваюць удасканальваць сыстэмы аховы мяжы і элемэнтаў эшалянаванай абароны. На ўсіх участках уздоўж дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь адзначаецца актыўная дзейнасьць падразьдзелаў сіл спэцыяльных апэрацый і Службы бясьпекі Ўкраіны», — сказаў Віктар Хрэнін.

Як адзначыла прэсавая служба Міністэрства абароны Беларусі, Віктар Хрэнін таксама далажыў, што «з украінскага боку бесьперапынна вядзецца выведка з выкарыстаньнем бесьпілётнікаў з спробамі парушэньня паветранай прасторы Беларусі».

«Ва ўмовах прысутнасьці ўкраінскіх узброеных фармаваньняў у памежных раёнах захоўваецца высокая імавернасьць падрыхтоўкі і правядзеньня на нашай тэрыторыі збройных правакацый, а таксама рэзанансных акцый, у тым ліку з задзейнічаньнем беларускіх нацыяналістычных фармаваньняў», — заявіў Віктар Хрэнін.

Начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Беларусі Павал Муравейка заявіў, што на мяжу вывелі большы вайсковы кантынгент, чым раней.

«Тая маштабная рэзанансная правакацыя, якую зрабілі ўкраінскія ўзброеныя сілы на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі ў Курскай вобласьці, прымусіла нас перагледзець склад сіл і сродкаў, якія мы залучаем для нашай бясьпекі», — працытавала Паўла Муравейку прэсавая служба Міністэрства абароны Беларусі.

Паводле яго, найперш павялічылі групоўку супрацьпаветранай абароны.

«Таму што факты залёту ў нашу паветраную прастору бесьпілётных лятальных апаратаў сталі больш частымі. Мы стварылі неабходныя ўмовы для разгортваньня груповак зь цяжкай тэхнікай, мы адэкватна гатовыя адрэагаваць на падобныя правакацыі, як тыя, што адбыліся ў Курску, Курскай вобласьці», — сказаў Павал Муравейка.

Начальнік Генштабу дадаў, што паралельна цяпер ствараюць «пэўныя» запасы і магчымасьці для разгортваньня груповак.

Што папярэднічала

10 жніўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што 9 жніўня ў 18.10 сілы ВПС і войскаў СПА Беларусі прывялі ў павышаную баявую гатоўнасьць у сувязі з парушэньнем паветранай прасторы Беларусі ў межах Касьцюковіцкага раёну. На думку Лукашэнкі, яе парушылі Ўзброеныя сілы Ўкраіны. Як сьцьвярджае Лукашэнка, у 19.04 беларускія сілы СПА нібыта зьнішчылі некалькі цэляў над тэрыторыяй Беларусі, а астатнія перадалі Расеі — іх, паводле Генэральнага штабу Расеі, «паразілі пад Яраслаўлем». «Іх было каля дзясятка, — заявіў Лукашэнка. — Мы падазраём, што гэта ўдарныя бесьпілётнікі», — дадаў ён.

Пасьля гэтага міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што Лукашэнка даў загад узмацніць групоўкі войскаў на Гомельскім і Мазырскім тактычных кірунках. Паводле Хрэніна, «вайсковыя часткі сілаў спэцапэрацыяў, сухаземных войскаў, ракетных войскаў, у тым ліку рэактыўныя сыстэмы „Палянэз“ і комплексы „Іскандэр“, атрымалі задачы на зьдзяйсьненьне маршаў у прызначаныя раёны. Таксама ажыцьцявілі нарошчваньне сілаў і сродкаў зэнітна-ракетных войскаў, радыётэхнічных войскаў і авіяцыі».

Пазьней Міністэрства абароны Беларусі апублікавала кадры зь нібыта «зьбітымі над тэрыторыяй Беларусі БПЛА». На відэа — фрагмэнты чагосьці падобнага да крыла дрона, якія вісяць на дрэвах і ляжаць на зямлі. Яны ня маюць ніякіх апазнавальных знакаў, якія дазволілі б адназначна сьцьвярджаць, што гэта рэшткі ўкраінскіх дронаў.

Ніякіх іншых доказаў таго, што ўкраінскія дроны перасеклі ўвечары 9 жніўня беларускую мяжу, ні Аляксандар Лукашэнка, ні Міністэрства абароны Беларусі не прывялі.

МЗС Беларусі ўручыла часовай паверанай у справах Украіны ў Беларусі Вользе Цімуш ноту пратэсту ў сувязі з «парушэньнем мяжы» Беларусі, а таксама прыгразіла «адказам для абароны сваёй тэрыторыі» і закрыцьцём украінскай амбасады ў Беларусі.

У Вярхоўнай Радзе Ўкраіны ў адказ на заявы Лукашэнкі падкрэсьлілі, што «беларускі дыктатар не прывёў ніякіх доказаў сваёй безадказнай і правакацыйнай заявы» і што, «з усяго відаць, Лукашэнка спрабуе ўчыніць нейкую правакацыю ў інтарэсах Расеі».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG