Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму зноў загаварылі пра воспу малпаў і наколькі варта яе баяцца?


Інфармацыйная кампанія мэдыкаў для прафіляктыкі воспы малпаў у Афрыцы
Інфармацыйная кампанія мэдыкаў для прафіляктыкі воспы малпаў у Афрыцы

Сусьветная арганізацыя здароўя 14 жніўня ўжо другі раз за два гады абвясьціла, што сполах воспы, віруснай інфэкцыі, якая распаўсюджваецца пры шчыльным кантакце, — гэта глябальная надзвычайная сытуацыя ў галіне аховы здароўя. Разьбіраемся, што гэта значыць.

«Надзвычайная сытуацыя ў галіне грамадзкага здароўя, якая выклікае міжнародную заклапочанасьць» (анг. Public health emergency of international concern, PHEIC) — найвышэйшая ступень папярэджаньня САЗ. Яна аб’яўляецца, калі хваробы распаўсюджваюцца новымі або незвычайнымі спосабамі, і накіраваная на стымуляваньне міжнароднай супрацы і фінансаваньня для барацьбы з сполахам хваробы.

Дэклярацыі САЗ адпавядае ацэнка Афрыканскага цэнтру кантролю і прафіляктыкі захворваньняў, дадзеная раней на гэтым тыдні, адзначае Reuters у сваім матэрыяле.

Чаму воспа зноў выклікала надзвычайную сытуацыю?

Два гады таму САЗ прызнала воспу надзвычайнай сытуацыяй, калі адна з формаў захворваньня пачала распаўсюджвацца ў сьвеце, пераважна сярод мужчын, якія маюць полавыя адносіны зь іншымі мужчынамі. Гэты сполах удалося спыніць у краінах асаблівай рызыкі пасьля таго, як сталі дзейнічаць прышчэпкі і наступілі зьмены ў паводзінах і практыцы бясьпечнага сэксу.

Але гэтая воспа дзесяцігодзьдзямі была праблемаю грамадзкага здароўя ў некаторых частках Афрыкі. Першы ў гісторыі выпадак захворваньня чалавека быў у Конга ў 1970 годзе, і з тых часоў усплёскі захворваньня працягваюцца. Цяперашні сполах воспы малпаў, самы страшны ў гісторыі Конга, налічвае 27 000 зафіксаваных выпадкаў і больш за 1100 сьмерцяў з студзеня 2023 году, у асноўным сярод дзяцей.

Захворваньне выклікае сымптомы, падобныя да грыпу, а таксама нагнаеньні. Звычайна працякае лёгка, але можа прывесьці да сьмерці. Дзеці, цяжарныя жанчыны і людзі з аслабленай імуннай сыстэмай, напрыклад, ВІЧ-інфікаваныя, больш рызыкуюць мець ускладненьні.

Зараз у краіне распаўсюджваюцца два штамы воспы — эндэмічны вірус і новая яго мадыфікацыя.

Гэтая новая форма вірусу выклікала глябальную заклапочанасьць, бо хутка распаўсюджваецца і пра яе мала што вядома. Перадаецца праз полавы кантакт, а таксама празь іншыя шчыльныя кантакты — напрыклад, сярод дзяцей у лягерах для перамешчаных асобаў у некаторых раёнах Конга. Зараз вірус перамясьціўся з усходняга Конга ў Руанду, Уганду, Бурундзі і Кенію.

Што адбываецца цяпер?

Навукоўцы спадзяюцца, што абвяшчэньне надзвычайнага становішча паскорыць дастаўку большай колькасьці мэдычных інструмэнтаў і фінансаваньня ў Конга, каб дапамагчы ўладам. Патрэбнае лепшае назіраньне, каб вывучыць вірус.

Але ў 2022 годзе на заклік САЗ вылучыць 34 мільёны даляраў на барацьбу з воспай донары не адгукнуліся, і была велізарная няроўнасьць у доступе да вакцыны. Афрыканскія краіны ня мелі доступу да дзьвюх прышчэпак ад Bavarian Nordic і KM Biologics, якія выкарыстоўваліся ў часе глябальнага ўсплёску.

Цяпер сытуацыя падобнае, хоць САЗ намагаецца яе зьмяніць, заявіла арганізацыя ў сераду, зьвяртаючыся да краін, якія маюць запасы вакцыны, з просьбай яе ахвяраваць.

Чаго чакаць?

Воспа малпаў — значная праблема, якая забівае найбольш уразьлівых людзей, у тым ліку дзяцей, а адна зь яе формаў, магчыма, распаўсюджваецца па-новаму і ў новых частках Афрыкі. Але гэта ня COVID-19. Пакуль што няма доказаў таго, што хвароба лёгка распаўсюджваецца праз паветра, як COVID, і ёсьць інструмэнты спыненьня яе распаўсюду і дапамогі групам рызыкі, якія даказалі сваю эфэктыўнасьць.

Задача цяперашняга часу, якую дэклярацыя аб надзвычайнай сытуацыі мае падкрэсьліць, — у тым, каб гэтыя інструмэнты дайшлі да тых, хто ў іх мае найбольшую патрэбу, перадусім у Конга і суседніх краінах.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG