Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швайцарыя пашырыла беларускі санкцыйны сьпіс на 27 імёнаў


Швайцарскі сьцяг на будынку парлямэнту Швайцарыі, ілюстрацыйнае фота.
Швайцарскі сьцяг на будынку парлямэнту Швайцарыі, ілюстрацыйнае фота.

З 14 жніўня Швайцарыя ўвяла санкцыі ў дачыненьні да 27 грамадзян Беларусі, у асноўным — адказных за рэпрэсіі, а таксама прапагандыстаў і прадстаўнікоў бізнэсу.

У прыватнасьці, у сьпіс уключаны начальнік Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС Беларусі Андрэй Ананенка, яго намесьнікі Андрэй Бедункевіч і Дзьмітрый Ковач, намесьнік начальніка аддзела дзяржаўнага абвінавачаньня ўпраўленьня Генэральнай пракуратуры па наглядзе за адпаведнасьцю закону судовых рашэньняў па крымінальных справах Міхаіл Кавалёў.

Таксама санкцыі ўведзеныя ў дачыненьні да начальнікаў Ваўкавыскай ВК № 11 (Горадзенская вобласьць) Віктара Дуброўкі, горадзенскай турмы № 1 Паўла Казакова і яго намесьніка Васіля Каляды, гомельскай ПК № 4 Дзяніса Талсьцянкова, менскага СІЗА № 1 Андрэя Цэдрыка.

Пад санкцыі трапілі 13 судзьдзяў: Гомельскага абласнога суду Анатоль Сотнікаў і Аляксей Хлышчанкоў, Магілёўскага абласнога суду Ігар Шведаў і Ігар Зямцоў, Горадзенскага абласнога суду Васіль Скок, Менскага абласнога суду Вячаслаў Тулейка, Менскага гарадзкога суду Алена Ананіч, суду Фрунзенскага раёну Менску Андрэй Млечка, Ленінскага раёну Менску Тацяна Шоцік, суду Рэчыцкага раёну Гомельскай вобласьці Станіслаў Іванюценка, суду Маладзечанскага раёну Менскай вобласьці Вольга Дубовік, суду Бабруйскага раёну і г. Бабруйску (Магілёўскай вобласьці) Антон Дудаль і суду Жлобінскага раёну Гомельскай вобласьці Мікалай Сяргеевіч.

Таксама трапілі ў санкцыйны сьпіс Швайцарыі генэральны дырэктар БелТА Ірына Акуловіч і галоўны рэдактар выдавецкага дому «Беларусь сегодня» Дзьмітрый Жук, карэспандэнт ОНТ Аляксей Краквін, старшыня Маладзёжнага савету (парлямэнту) пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь Мікіта Рачылоўскі і набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсмэн Віктар Шаўцоў.

Імя апошняга фігуравала ў расьсьледаванні «Беларускага расьсьледніцкага цэнтру», зьвязанага з праектам «пашпарту новай Беларусі».

Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 1 жніўня народ Швайцарыі з Днём заснаваньня Канфэдэрацыі выказаў надзею на тое, што «швайцарскім уладам хопіць палітычнай мудрасьці і характару, каб захаваць унікальны нэўтральны статус сваёй дзяржавы ў міжнародных справах».

  • Швэйцарыя стала другой краінай Захаду (акрамя Вугоршчыны), новы пасол якой, нягледзячы на традыцыйнае далучэньне краіны да санкцый ЭЗ у дачыненьні да Беларусі, прыбыў у Менск у 2022 годзе і ўручыў копіі даверчых грамат міністру замежных спраў і арыгіналы — Лукашэнку. Неўзабаве пасьля ўручэньня копій грамат са зьняволеньня была вызваленая грамадзянка Швайцарыі беларускага паходжаньня палітзьняволеная Натальля Хершэ.
  • У Беларусі ў пералік «недружалюбных краін» раней былі ўключаныя Аўстралія, краіны Эўразьвязу, Канада, Ліхтэнштайн, Нарвэгія, Новая Зэляндыя, Альбанія, Ісьляндыя, Паўночная Македонія, Вялікая Брытанія, ЗША, Чарнагорыя і Швайцарыя.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG