Пра гэта газэце The New York Times паведамілі тры крыніцы, блізкія да абмеркаваньня. Сярод радыкальных мераў — падзел кампаніі, уключаючы аддзяленьне мабільнай апэрацыйнай сыстэмы Android або браўзэру Chrome.
Чыноўнікі таксама прапануюць забараніць кампаніі заключаць пагадненьні, якія ставяць пошукавую сыстэму Google як стандартную на розных прыладах. Акрамя таго, разглядаюцца меры, якія могуць прымусіць Google даваць доступ да сваіх зьвестак канкурэнтам.
Працэс мае закрыты характар, канчатковыя рашэньні яшчэ не прынятыя. У Google заявілі аб намеры абскардзіць рашэньне. Заява мае быць перададзеная ў суд да 4 верасьня.
Раней у ЗША судзьдзя акругі Калюмбія Аміт Мэхта пастанавіў, што карпарацыя Google злоўжывала манапольным становішчам у сфэры онлайн-пошуку.
З словаў судзьдзі, Google штогод выплачвала мільярды даляраў іншым тэхналягічным гігантам, такім як Apple і Samsung, каб тыя рабілі пошукавую сыстэму Google базавым стандартным шукальнікам у сваіх прадуктах. Гэтыя выплаты, якія летась складалі 26 мільярдаў даляраў , перашкаджалі канкурэнтам супернічаць з Google на рынку онлайн-пошуку.
Пастанова суду стала першым за 26 гадоў буйным антыманапольным рашэньнем, зьвязаным з тэхналягічнымі гігантамі. Мінулым разам увесну 1998 году міністэрства юстыцыі і 20 штатаў ЗША зьвярнуліся ў суд з цывільным пазовам супраць Microsoft. Кампанію вінавацілі ў злоўжываньні манапольным становішчам у продажах вэб-браўзэраў і апэрацыйных сыстэмаў.
Форум