Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Люстэрка»: Як Юры Васкрасенскі ўгаворвае сваякоў палітвязьняў


Юры Васкрасенскі
Юры Васкрасенскі

У панядзелак «Вясна» паведаміла, што Юры Васкрасенскі тэлефануе сваякам палітвязьняў і ўгаворвае іх, каб іх родныя за краінамі пісалі прашэньні аб памілаваньні.

Крыніца расказала парталу «Люстэрка» , як прайшла адна з такіх размоваў.

Па словах суразмоўцы парталу, не так даўно кіраўнік «Круглага стала дэмакратычных сілаў» (КСДС) Юры Васкрасенскі патэлефанаваў сям’і палітвязьня, які перад гэтым «з вельмі дрэнным настроем» паведаміў, што напісаў прашэньне аб памілаваньні. Праўда, як высьветлілася пазьней, зрабіў ён гэта пад ціскам: яму пагражалі новай крымінальнай справай.

— Васкрасенскі прадставіўся, спытаўся, ці ведаюць суразмоўцы яго. І сказаў, што знаходзіцца ў нейкай групе, якая займаецца прашэньнямі, — апісвае сытуацыю крыніца. — Казаў, маўляў, жадаем вызваляць палітычных. Паведаміў: іхні сваяк напісаў прашэньне і папрасіў, каб сям’я таксама гэта зрабіла. Тлумачыў, чым больш будзе прашэньняў, тым хутчэй яго вызваляць. Маўляў, яму яшчэ столькі сядзець, а з прашэньнямі ўсё пойдзе хутчэй. Распавядаў, што «прэзыдэнт будзе вырашаць, і яму будзе прыемна, што яго просяць».

Крыніца адзначае, што размова праходзіла спакойна, Васкрасенскі быў тактычны. Гутарка была, «нібы 200 гадоў знаёмыя», прапагандыст не настойваў, каб сям’я абавязкова нешта пісала, ніякіх тэрмінаў не ставіў. Толькі адзначыў, што такі ліст мог бы павялічыць шанцы чалавека на выхад з калёніі. Прашэньне прапаноўвалася адправіць у адміністрацыю Лукашэнкі.

— Сказаў напісаць на імя Аляксандра Лукашэнкі. У ім паказаць, што сваяк сядзіць па такім артыкуле, што ён ужо адумаўся, што ім цяжка, — кажа суразмоўца.

Якой колькасьці людзей тэлефанаваў Васкрасенскі, крыніца парталу не ведае. У размове ён сказаў, што зьвязваецца са сваякамі тых, хто ўжо напісаў прашэньне.

— На пытаньне, калі ў выпадку станоўчага рашэньня сваяк-палітвязень выйдзе на волю, Васкрасенскі адказаў: 17 верасьня.

З 2021 года ў гэтую дату ў краіне адзначаюць так званы Дзень народнага адзінства.

Суразмоўца «Люстэрка» паведаміў словы Васкрасенскага, сказаныя ў размове са сваякамі палітвязьняў, што «змагары» шмат абяцаюць і нічога не робяць.

  • Колькасьць палітвязьняў у Беларусі пастаянна зьмяняецца. Адны выходзяць на волю пасьля заканчэньня тэрмінаў, іншыя трапляюць за краты пасьля судоў. Паводле стану на 31 ліпеня 2024 году ў Беларусі налічвалася 1388 прызнаных праваабаронцамі палітвязьняў. Рэальная колькасьць людзей, якія трапілі за краты паводле палітычных абвінавачаньняў, можа быць значна большай.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG