Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забарона на ўезд у Літву аўтамабіляў зь беларускімі нумарамі будзе дзейнічаць толькі 16 жніўня. А што пасьля?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Мытнай службе Літвы ўдакладнілі, як будзе дзейнічаць забарона 

Літва з 16 жніўня цалкам забараніла ўезд на сваю тэрыторыю аўтамабіляў зь беларускай рэгістрацыяй.

Згодна з гэтым рашэньнем, забарона не распаўсюджвалася на машыны з дыпляматычнымі нумарамі, на транспартныя сродкі дыпляматычных прадстаўніцтваў, а таксама міжнародных арганізацыяў, якія маюць імунітэт згодна зь міжнародным правам.

Пасьля 18 ліпеня на аўтамабілях зь беларускай рэгістрацыяй на літоўскую тэрыторыю прапускалі тых грамадзян Беларусі, якія мелі візу або дазвол на жыхарства ў Літве.

У Мытнай службе Літвы ўдакладнілі, як будзе дзейнічаць забарона

Раніцай 16 жніўня Мытная служба Літвы паведаміла, што поўная забарона будзе дзейнічаць толькі 16 жніўня.

«Паведамляем, што рашэньнем Камісіі каардынацыі міжнародных санкцыяў з 00:01 17 жніўня дазволена ўвозіць на тэрыторыю Літвы легкавы аўтамабіль, які не прызначаны для продажу і належыць грамадзяніну Беларусі зь дзейнай візай або з дазволам на часовае ці сталае жыхарства ў Літве, якія дазваляюць уезд у Эўразьвяз, і які, накіроўваючыся ў Эўразьвяз, кіруе гэтым транспартным сродкам толькі ў мэтах асабістага выкарыстаньня (вынятак не распаўсюджваецца на легкавыя аўтамабілі, якія належаць юрыдычным асобам або выкарыстоўваюцца ў камэрцыйных мэтах)», — адзначаецца ў паведамленьні літоўскай мытні.

Апроч таго, забарона ня будзе распаўсюджвацца на аўтамабілі зь беларускімі нумарамі, якія не прызначаны для продажу, належаць грамадзянам краін Эўразьвязу, калі яны рэзыдэнты Беларусі, і ўвозяцца ў асабістых, а не ў камэрцыйных мэтах. Такі аўтамабіль будуць упускаць на тэрыторыю Літвы толькі ў выпадку, калі ім кіруе уласьнік.

У той жа час у мытні нагадалі, што аўтамабілі, зарэгістраваныя ў Беларусі, ня змогуць знаходзіццца ў Літве пасьля 18 студзеня 2025 году, але да таго моманту могуць удзельнічаць у дарожным руху і рэгістравацца ў Літве. 15 ліпеня аналягічнае абмежаваньне ўвяла Латвія, а 17 ліпеня стала вядома пра такую ж забарону ў Эстоніі. У Польшчу аўтамабілі зь беларускай рэгістрацыяй пакуль могуць уяжджаць без абмежаваньняў, але толькі калі ў салёне машыны знаходзіцца яе ўласьнік.

Пазьней Служба фінансавай выведкі Латвіі ўдакладніла ўмовы, пры якіх могуць зрабіць вынятак з забароны на ўезд у Эўразьвяз зарэгістраваных у Беларусі транспартных сродкаў і прапусьціць такі аўтамабіль празь мяжу.

Кампэтэнтныя органы могуць дазволіць уезд у Эўразьвяз аўтамабіля зь беларускімі нумарамі, калі ён прызначаны не для продажу, а толькі для асабістага карыстаньня, і належыць:

  • грамадзяніну дзяржавы — сябра Эўразьвязу або ягонаму сямейніку, які зьяўляецца рэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь і ўяжджае ў Эўразьвяз на гэтым аўтамабілі;
  • грамадзяніну Беларусі, які мае дзейную візу або дазвол на жыхарства, які дазваляе ўезд у Эўразьвяз.


Пры гэтым чалавек павінен валодаць аўтамабілем і непасрэдна кіраваць ім.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG