Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МАГАТЭ пакуль не знайшлі доказаў заяваў Украіны і Расеі аб прычынах пажару на Запароскай АЭС


Дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі ў часе наведваньня Запароскай АЭС у верасьні 2022 году. Ілюстрацыйнае фота
Дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі ў часе наведваньня Запароскай АЭС у верасьні 2022 году. Ілюстрацыйнае фота

У той жа час экспэрты паведамілі, што не змаглі агледзець цалкам увесь аб’ект, бо не атрымалі дазволу зь меркаваньняў бясьпекі.

Экспэрты місіі Міжнароднага агенцтва атамнай энергіі (МАГАТЭ), якія стала знаходзяцца на тэрыторыі Запароскай АЭС, наведалі аб’ект, дзе адбыўся пажар.

«Грунтуючыся на назіраньнях, каманда ацаніла як малаімавернае тое, што асноўная крыніца пажару ўзьнікла ў аснове ахаладжальнай вежы», — сказаў генэральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Марыяна Гросі.

У паведамленьні адзначаецца, што «пашкоджаньні, хутчэй за ўсё, былі сканцэнтраваныя ўва ўнутраных частках вежы на ўзроўні разьмеркаваньня водных фарсунак, разьмешчаных на вышыні прыкладна дзесяці мэтраў».

У той жа час экспэрты не змаглі падняцца на вежу і прайсьці бліжэй да басэйну з халоднай вадой, бо ім не дазволілі гэтага зрабіць зь меркаваньняў бясьпекі.

«У часе абыходу не было заўважана ні шынаў, ні аскепкаў бесьпілётніка», — адзначаецца ў паведамленьні. [Расея абвінавачвала Ўкраіну ў запуску дрону па гэтым аб’екце, а Ўкраіна — Расею ў наўмысным падпале вежы пры дапамозе шынаў].

Паводле экспэртаў МАГАТЭ, «ядзерная бясьпека станцыі не пацярпела, бо ахаладжальныя ўстаноўкі цяпер не працуюць», а радыяцыйны маніторынг у раёне вежаў і рэактараў пацьвердзіў брак павышанай радыяцыі.

«Дагэтуль каманда не змагла зрабіць канчатковых высноваў [аб прычынах пажару]. МАГАТЭ прадоўжыць агульны аналіз пасьля дадатковага агляду і доступу да ўзроўню разьмеркаваньня водных фарсунак і басэйну з халоднай вадой», — адзначаецца ў паведамленьні МАГАТЭ.

11 жніўня адразу некалькі крыніц апублікавалі відэазапіс з пажарам на Запароскай АЭС. Украінскі і расейскі бакі абвінавацілі адно аднаго ў прычынах яго ўзьнікненьня.

12 жніўня экспэрты Міжнароднага агенцтва атамнай энергіі (МАГАТЭ), якія знаходзяцца на тэрыторыі Запароскай АЭС, зьвярнуліся да Расеі з просьбай даць доступ да месца пажару на адным з аб’ектаў станцыі для вывучэньня прычыны пажару і яго наступстваў.

Запароская АЭС — найбуйнейшая атамная электрастанцыя Эўропы. Расейскія войскі акупавалі горад Энэргадар і разьмешчаную паблізу яго Запароскую АЭС у пачатку сакавіка 2022 году.

Тэрыторыя станцыі пэрыядычна знаходзіцца пад абстрэламі, у якіх Украіна і Расея абвінавачваюць адна адну. Украінскія ўлады таксама заяўлялі, што расейскае войска выкарыстоўвала ЗАЭС для захоўваньня вайсковай тэхнікі і разьмяшчэньня сваіх вайскоўцаў.

Сёлета 11 ліпеня Генэральная Асамблея ААН 11 ліпеня ўхваліла рэзалюцыю, у якой заклікала Расею «тэрмінова вывесьці» свае войскі з тэрыторыі Ўкраіны, а таксама з Запароскай атамнай электрастанцыі.

Рэзалюцыю «Бясьпека і абароненасьць ядзерных абʼектаў Украіны, у тым ліку Запароскай АЭС» ухвалілі 99 дзяржаваў, дзевяць былі «супраць» — Беларусь, Бурундзі, Куба, КНДР, Эрытрэя, Малі, Нікарагуа, Расея і Сырыя. 60 дзяржаваў устрымаліся.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG