Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы заваявалі чатыры мэдалі на Алімпіядзе ў Парыжы


Іван Літвіновіч сьвяткуе перамогу на Алімпіядзе ў Парыжы
Іван Літвіновіч сьвяткуе перамогу на Алімпіядзе ў Парыжы

Напярэдадні адбылася цырымонія закрыцьця Алімпійскіх гульняў.

XXXIII летнія Алімпійскія гульні прайшлі ў Парыжы з 26 ліпеня па 11 жніўня. Сьцяг Алімпійскага руху афіцыйна перадалі Лос-Анджэлесу (ЗША), які прыме гульні ў 2028-м. У цырымоніі закрыцьця прыняў удзел папулярны амэрыканскі актор Том Круз.

Беларусы, якія на Алімпіядзе ў Парыжы выступалі ў статусе нэўтральных атлетаў, здабылі чатыры мэдалі — залаты, два срэбныя і бронзавы. Статыстычна гэта найгоршы паказьнік за ўсю гісторыю незалежнага беларускага спорту, аднак варта ўлічыць, што на Гульнях было толькі 17 беларусаў, амаль у 10 разоў меней, чым да санкцыяў.

Золата заваяваў батутыст Іван Літвіновіч, для якога гэта ўжо другая залатая алімпійская ўзнагарода. Срэбра здабылі вясьляр Яўген Залаты і батутыстка Віялета Бардзілоўская. Масяжовы мэдаль — у штангіста Яўгена Ціханцова.

Найгоршы вынік беларусаў, калі ім было дазволена выступаць пад дзяржаўным сьцягам, зафіксаваны ў 2021-м на Алімпіядзе ў Токіё. Тады спартоўцы ўзялі толькі 7 узнагародаў, сярод іх адно золата і па тры другія і трэція месцы.

У мэдалёвым заліку перамагла каманда ЗША — 126 узнагародаў (40/44/42), далей ідуць Кітай — 91 (40/27/24) і Японія — 45 (20/12/13). У гэтым заліку залаты мэдаль мае большую вагу, таму японцы апярэдзілі, напрыклад, каманду Аўстраліі, што ўзяла больш мэдалёў — 53, але засталася на 4-м радку празь меншую колькасьць першых месцаў.

Калі б Беларусь выступала ня ў якасьці каманды «нэўтральных атлетаў», а як самастойная дэлегацыя, яна заняла б 50-е месца ў мэдалёвым заліку разам з Партугаліяй.

Беларусь пазбавілі права выступаць пад дзяржаўным сьцягам (чырвона-зялёным) і гімнам праз саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў расейскай вайне супраць Украіны. Доўгі час наагул не было зразумела, ці выступяць беларускія атлеты хаця б у нэўтральным статусе. Дзяржаўная беларуская тэлевізія паказвала гульні пераважна ў чорным сьвятле.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG