Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бульба, штомесячныя часопісы і паслугі міжнароднага турызму: што найбольш падаражэла ў Беларусі з пачатку году


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сярод харчовых тавараў больш за ўсё за 7 месяцаў 2024 году ў Беларусі вырасьлі цэны на бульбу (у 2,21 раза), сярод нехарчовых тавараў — на штомесячныя часопісы ( падаражэлі на 14,29%), сярод паслуг — на паслугі міжнароднага турызму (+20,17%), сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз зьвестак Белстату.

За студзень — ліпень 2024 году цэны ў Беларусі вырасьлі ў сярэднім на 3,42%. Прадукты харчаваньня падаражэлі на 3,53%, нехарчовыя тавары — на 2,14%, паслугі — на 4,08%.

Сярод сэзонных харчовых тавараў больш за ўсё за 7 месяцаў 2024 году вырасьлі цэны на бульбу (у 2,21 раза), моркву (на 79,65%), буракі (+73,97%), рэпчатую цыбулю (+26,44%), белакачанную капусту (+21,29%), яблыкі (+18,49%).

Прыкметней за ўсё зьнізіліся цэны на сьвежыя агуркі (у 2,8 раза), памідоры (-41,32%), грушы (-6,00%), цытрусавыя (-5,09%).

Сярод астатніх харчовых тавараў хутчэй сёлета даражэлі аліўкавы алей (+17,17%), какава-парашок (+13,38%), гарох, фасоля (+12,05%), рыс (+11,56%),а таксама ўключаны ў гэтую катэгорыю абед у сталовай (+11,93%).

Больш за ўсё зьнізіліся цэны на грэцкія крупы (-8,54%), расьлінны алей (акрамя аліўкавага) (-2,64%), кетчуп (-2,05%), аўсяныя шматкі (-1,34%) і цукар (-0,83%).

Сярод нехарчовых тавараў з пачатку 2024 году найбольш падаражэлі штомесячныя часопісы (+14,29%), набор корпуснай мэблі (+9,10%), гарнітур для пярэдняга пакоя (+8,95%), штодзённыя газэты (+8,92%), сардэчна-сасудзістыя сродкі (+8,78%).

Найбольш патаньнелі жаночыя летнія скураныя туфлі (-7,50%), фарба для валасоў (-6,24%), сродкі для мыцьця вокнаў (-5,11%), маторны алей (-2,38%) і жаночыя плашчы (-2,20%).

Сярод паслуг хутчэй за ўсё сёлета даражэлі міжнародны турызм (+20,17%), вываз і ўтылізацыя цьвёрдых камунальных адкідаў (+18,60%), карыстаньне ліфтам (+17,21%), санаторна-аздараўленчыя паслугі (+16,12%), квіткі ў тэатар (+15,98%).

Патаньнелі толькі тры віды паслуг: рытуальныя (-5,83%), страхаваньне легкавых аўтамабіляў (-3,92%) і паветранага транспарту (-1,39%).

Што найбольш падаражэла за ліпень 2024 году

За ліпень 2024 году пры агульным росьце спажывецкіх цэнаў у Беларусі на 0,03% лідарам па падаражэньні сярод харчовых тавараў стаў рыс (падаражэў на 4,03%), сярод нехарчовых тавараў — штодзённыя газэты (+3,99%), сярод паслуг — паслугі міжнароднага турызму (і 3,39%).

Сярод харчовых тавараў, акрамя рысу, прыкметней за ўсё за ліпень 2024 году вырасьлі цэны на аліўкавы алей (+3,38%), каву (+3,11%), шакаляд (+2,78%) і манныя крупы (+2,66%).

Больш за ўсё патаньнелі памідоры (-16,80%), морква (-16,28%), буракі (-13,44%), часнык (-8,56%) і грушы (-8,41%).

Агулам цэны на прадукты харчаваньня ў Беларусі за ліпень зьнізіліся на 0,18%.

Сярод нехарчовых тавараў пасьля газэт у лідарах па падаражэньні электрафены (+2,78%), зімовыя і дэмісэзонныя курткі для дзяўчынак (+2,67%), школьная форма для дзяўчынак (+2,60%) і посудамыйныя машыны (+2,59%).

Хутчэй за ўсё таньнелі жаночыя мадэльныя туфлі (-3,63%), мужчынскія скураныя туфлі і паўчаравікі (таксама −3,63%), жывыя зрэзаныя кветкі (-3,13%), мужчынскія красоўкі (-2,79%), жаночыя скураныя туфлі на нізкім абцасе і на сынтэтычнай падэшве (-2,52%).

Агулам харчовыя тавары падаражэлі на 0,26%.

Сярод паслуг на другім месцы па падаражэньні пасьля міжнароднага турызму — гатэлі (+3,34%), за імі — паслугі таксі (+2,05%), рамонт жаночага абутку (+1,81%), рамонт мужчынскага абутку (+1,75%).

Прыкметней за ўсё патаньнелі мэдыцынскія паслугі (-1,79%), страхаваньне легкавых аўтамабіляў (-1,22%), квіткі на канцэрты (-1,14%), на міжнародныя цягнікі (-1,06%), курсы замежных моваў (-0,65%).

Агулам кошт паслуг павялічыўся на 0,12%.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG