Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія вайскоўцы ўвайшлі ў трэці раён Курскай вобласьці. З памежных раёнаў вобласьці эвакуавалі 76 тысяч чалавек


Падчас эвакуацыі жыхароў з гораду Рыльск Курскай вобласьці, 9 жніўня 2024 году
Падчас эвакуацыі жыхароў з гораду Рыльск Курскай вобласьці, 9 жніўня 2024 году

Групы ўкраінскіх вайскоўцаў увайшлі ў Бялоўскі раён Курскай вобласьці, паведаміў 11 жніўня кіраўнік раёну Мікалай Валабуеў. Да гэтага баі ішлі на тэрыторыі двух раёнаў вобласьці — Коранеўскага і Суджанскага.

Украінскія вайскоўцы ў ноч на нядзелю, 11 жніўня, увайшлі ў Бялоўскі раён Курскай вобласьці, тым самым пашырыўшы сваю прысутнасьць на тэрыторыі Расеі. Пра гэта паведаміў кіраўнік раёну Мікалай Валабуеў.

«Заход дывэрсійна-выведных групаў на нашу тэрыторыю стварыў шмат мітусьні і панікі. Цяпер сытуацыя стабільная, але вельмі напружаная», — кажа Валабуеў у відэазвароце да мясцовых жыхароў.

Таксама чыноўнік заклікаў жыхароў захоўваць спакой, а тых, хто зьехаў зь Бялоўскага раёну, «заставацца ў тых месцах, куды яны прыбылі».

Таксама заход украінскіх вайскоўцаў на тэрыторыю Бялоўскага раёна пацьвердзіў выканаўца абавязкаў губэрнатара Курскай вобласьці Аляксей Сьмірноў. Паводле яго, расейскім вайскоўцам удалося «стабілізаваць сытуацыю».

«На гэты момант у Бялоўскім і Абаянскім раёнах няма ніякіх баявых сутыкненьняў, памежнікі і вайскоўцы абараняюць мяжу. Нашыя войскі робяць усё неабходнае для абароны мірнага насельніцтва. Цяпер важна не дапусьціць панікі. Тым ня менш, калі вы хочаце добраахвотна пакінуць раёны, вы можаце гэта зрабіць» — напісаў ён.

Да гэтага баі ішлі на тэрыторыі двух раёнаў Курскай вобласьці — Коранеўскага і Суджанскага. Бялоўскі раён знаходзіцца на паўднёвы ўсход ад Суджанскага і прымыкае да Белгарадзкай вобласьці.

Тэлеграм-канал Astra адзначае, што ўпершыню пра зьяўленьне ўкраінскіх вайскоўцаў у Бялоўскім раёне ўвечары 10 жніўня пісалі расейскія ваенныя Z-каналы, аднак пазьней яны выдалялі допісы і публікавалі «абвяржэньні».

З памежных раёнаў Курскай вобласьці эвакуавалі больш за 76 тысяч чалавек, паведамляе ТАСС з спасылкай на прадстаўніка МНС Расеі. На гэты момант разгарнулі 60 пунктаў часовага разьмяшчэньня ў васьмі рэгіёнах Расеі, у якіх разьмясьцілі больш за 4,4 тысячы чалавек.

На 11 жніўня ў шпіталях знаходзяцца 69 пацярпелых у выніку абстрэлаў Курскай вобласьці, стан 17 зь іх ацэньваецца як цяжкі, паведаміў міністар аховы здароўя Расеі Міхаіл Мурашка. Раней расейскія СМІ пісалі пра 5 загінулых у Курскай вобласьці.

  • У Курскай вобласьці Расеі з 6 жніўня працягваюцца баявыя дзеяньні пасьля заходу на тэрыторыю ўкраінскіх вайскоўцаў. З 7 жніўня ў вобласьці аб’явілі рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага маштабу. З 9 жніўня ў рэгіёне і дзвьюх іншых памежных з Украінай вобласьцях — Бранскай і Белгарадзкай — увялі рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG