Яўген Ціханцоў пачаў выступ зь няўдалага падыходу ў рыўку на 176 кг, але потым справіўся са штангай вагой 178 кг і 183 кг. У штуршку Яўген спачатку справіўся з вагой 214 кг, а потым падняў штангу на 219 кг. У заключным падыходзе беларус замовіў 228 кг, але гэтая вага яму не скарылася.
Вынік Яўгена Ціханцова пасьля двух практыкаваньняў — 402 кг (183 кг і 219 кг). Залаты мэдаль заваяваў кітаец Лю Хуанхуа (406 кг), срэбраны мэдаль — узбэк Акбар Джураеў (404 кг).
Тым часам іншым беларускім спартоўцам, якія 10 жніўня прабіліся ў фінал спаборніцтваў, у выніку не ўдалося заваяваць мэдалі.
Уладзіслаў Кравец, які 10 жніўня выйшаў у фінал спаборніцтваў на дыстанцыі 1000 мэтраў сярод байдарак-адзіночак, заняў чацьвёртае месца, паказаўшы вынік 3 хвіліны 28,10 сэкунды. Ад бронзы Ўладзіслава аддзялілі больш за дзьве сэкунды. Золата выйграў чэх Ёзаф Достал.
Юлія Трушкіна ў фінале жаночых спаборніцтваў на дыстанцыі 200 мэтраў у веславаньні на каноэ стала пятай, паказаўшы вынік 44,83 сэкунды.
Прадстаўнік Беларусі Магамедхабіб Кадзімагамедаў 10 жніўня саступіў альбанцу Чэрмену Валіеву у суцяшальным турніры па вольнай барацьбе, у выніку чаго пазбавіўся шанцаў на бронзавы мэдаль і завяршыў свой выступ на Алімпійскіх гульнях.
У выніку беларускія атлеты заваявалі чатыры мэдалі на Алімпійскіх гульнях у Парыжы. Да гэтага залаты і срэбраны мэдалі заваявалі батутысты Іван Літвіновіч і Віялета Бардзілоўская, яшчэ адзін срэбраны мэдаль здабыў весьляр Яўген Залаты.
Беларускія спартоўцы на Алімпіядзе ў Парыжы
Зь Беларусі на гэтых Алімпійскіх гульнях выступаюць 17 спартоўцаў:
- Роварны спорт: Ганна Церах.
- Скачкі на батуце: Іван Літвіновіч, Віялета Бардзілоўская.
- Цяжкая атлетыка: Сюзанна Валадзько, Яўген Ціханцоў.
- Барацьба: Абубакар Хаслаханаў, Магамедхабіб Кадзімагамедаў
- Стральба: Дар’я Чупрыс, Аляксандра Пятрова.
- Веславаньне: Яўген Залаты, Тацяна Клімовіч.
- Каноэ: Уладзіслаў Кравец, Юлія Трушкіна.
- Плаваньне: Ільля Шымановіч, Анастасія Шкурдай, Аліна Змушка.
- Тэквандо: Георгі Гурцыеў.
Беларускія спартоўцы выступаюць у нэўтральным статусе. Абмежавальныя меры ўведзеныя ў адказ на вайну, якую з 24 лютага 2022 году працягвае Расея ва Ўкраіне з выкарыстаньнем тэрыторыі Беларусі.
Папярэдні антырэкорд паводле колькасьці заваяваных мэдалёў беларускія спартоўцы паказалі на Алімпійскіх гульнях 2020 (яны прайшлі ў 2021 годзе праз пандэмію) у Токіё, заваяваўшы 7 мэдалёў: адзін залаты, тры срэбныя і тры бронзавыя мэдалі. Тады Беларусь прадстаўлялі 108 спартоўцаў у 20 відах спорту. Спартоўцы выступалі пад афіцыйным сьцягам, у Беларусі паказвалі трансьляцыю Гульняў.
Форум