Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі фракцыі КР «Беларусы» і некалькі партый выступілі супраць падаўжэньня мандату Ціханоўскай у 2025 годзе

абноўлена

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Вадзім Пракоп’еў (зьлева) і Андрэй Ягораў падчас сустрэчы зь беларускай дыяспарай
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Вадзім Пракоп’еў (зьлева) і Андрэй Ягораў падчас сустрэчы зь беларускай дыяспарай

Прадстаўнікі фракцыі Каардынацыйнай рады «Беларусы», а за імі партыі «Народная грамада», БХД і аргкамітэт па стварэньні партыі «Краіна для жыцьця» выступілі з заявамі супраць падаўжэньня мандату Сьвятланы Ціханоўскай у якасьці лідэркі дэмакратычных сілаў Беларусі пасьля 9 жніўня 2025 году.

8 жніўня Вадзім Пракоп’еў, Андрэй Ягораў і Аляксандар Кныровіч ад імя фракцыі Каардынацыйнай рады «Беларусы» апублікавалі заяву, у якой выступілі супраць падаўжэньня мандату Сьвятланы Ціханоўскай у якасьці лідэркі дэмакратычных сілаў Беларусі.

«Лічым, што палажэньне аб бестэрміновым падаўжэньні мандату Сьвятланы Ціханоўскай у якасьці нацыянальнай лідэркі, замацаванае ў „Пратаколе аб узаемадзеяньні Каардынацыйнай рады, Аб’яднанага пераходнага кабінэта і Офісу Сьвятланы Ціханоўскай“, недапушчальна і падрывае давер да ўсіх дэмакратычных сілаў Беларусі ў цэлым», — гаворыцца ў заяве.

Згаданы тут пратакол быў падпісаны падчас канфэрэнцыі «Новая Беларусь».

Ягораў, Пракоп’еў і Кныровіч у супольнай заяве падкрэсьлілі, што любое палітычнае кіраўніцтва «павінна падпарадкоўвацца прынцыпу дакладна ўсталяванага часавага абмежаваньня паўнамоцтваў». На іх думку, адсутнасьць такіх рамак «стварае рызыку зьмяншэньня празрыстасьці ў прыняцьці рашэньняў і зьніжэньня адказнасьці перад выбарнікамі, а таксама парушае асновы дэмакратыі, нават калі ў дадзены момант паўнамоцтвы нацыянальнага лідэра абмежаваныя».

«У сувязі з вышэйсказаным заяўляем, што мандат Сьвятланы Ціханоўскай як нацыянальнага лідэра з 9 жніўня 2025 году будзе несапраўдны да праходжаньня новай працэдуры пацьверджаньня. Дэмакратычныя сілы павінны паказваць прыклад, прытрымліваючыся прынцыпаў выбарнасьці і зьмяняльнасьці», — гаворыцца ў заяве.

У ёй прадстаўнікі фракцыі Каардынацыйнай рады «Беларусы» падкрэсьліваюць, што палітычныя дзеячы, якія прэтэндуюць на агульнанацыянальнае лідэрства, «павінны прытрымлівацца дэмакратычных нормаў незалежна ад існай сытуацыі і не імкнуцца да падаўжэньня паўнамоцтваў дзеля асабістых інтарэсаў».

«Заклікаем прадстаўнікоў кааліцыі Латушкі-Ціханоўскай пазьбягаць аўтарытарных практык і будаваць палітычнае лідэрства на аснове дэмакратычных прынцыпаў», — гаворыцца ў заяве.

Патрабаваньне падтрымалі «Народная грамада», БХД і «Краіна для жыцьця»

Партыі «Народная грамада» і «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», а таксама аргкамітэт па стварэньні партыі «Краіна для жыцьця» таксама выступілі з заявай супраць падаўжэньня легітымнасьці Ціханоўскай пасьля 2025 году.

«Мы ня згодныя з вынесеным на канфэрэнцыю „Новая Беларусь“ рашэньнем аб падаўжэньні легітымнасьці С. Ціханоўскай пасьля 2025 году. Яно прынятае з парушэньнем дэмакратычных прынцыпаў і без узгадненьня з большасьцю палітычных структур. Лічым гэта стратэгічнай памылкай, якая гуляе на карысьць рэжыму Лукашэнкі і можа прывесьці да расколу дэмакратычных сілаў», — гаворыцца ў заяве.

Яе падпісанты заклікалі распачаць дыялёг «з усімі дэмакратычнымі палітычнымі сіламі».

  • На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада прынялі пратакол узаемадзеяньня, у межах якога пагадзіліся, што Ціханоўская застаецца ў статусе нацыянальнай лідэркі да наступных дэмакратычных і свабодных выбараў у Беларусі — то бок ейны мандат не канчаецца ў 2025 годзе. Пазбавіцца гэтага статусу можа толькі яна сама з уласнага жаданьня.
  • Блёк Пракоп’ева-Ягорава, у які ўваходзіць і Кныровіч, заняў на выбарах у Каардынацыйную раду другое месца. На першым месцы — каманда Паўла Латушкі і рух «За свабоду», якія ішлі на выбары адным блёкам і сабралі вакол сябе кааліцыю бальшыні ў Каардынацыйнай радзе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG