Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расьсьледаваньне паказала, што 9 супрацоўнікаў ААН маглі мець дачыненьне да нападу на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 году


Штаб-кватэра UNRWA у сэктары Газа
Штаб-кватэра UNRWA у сэктары Газа

Доказы наконт іншых працягваюць шукаць.

Унутранае расьсьледаваньне Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў прыйшло да высновы, што дзевяць з 19 палестынскіх супрацоўнікаў, абвінавачаных Ізраілем, «магчыма, былі датычныя» да тэрарыстычных нападаў 7 кастрычніка на поўдні Ізраілю, у той час як у дачыненьні да 10 іншых доказаў ня знойдзена або недастаткова.

«Працаўладкаваньне гэтых асобаў будзе спынена ў інтарэсах агенцтва», — заявіў журналістам намесьнік прэс-сакратара ААН Фарган Гак, гаворачы пра вынікі месячнага расьсьледаваньня, паведаміў «Голас Амэрыкі».

Усе 19 былі нанятыя гуманітарнай арганізацыяй UNRWA — агенцтвам ААН, якое дапамагае палестынскім уцекачам.

Гак сказаў, што ў астатніх 10 справах, расьсьледаваных Бюро службаў унутранага нагляду (OIOS), было «недастаткова» доказаў, якія пацьвярджаюць абвінавачаньні ў адрас дзевяці супрацоўнікаў, і «ніякіх доказаў» абвінавачаньняў супраць дзясятага.

«У гэтых дзесяці выпадках адпаведныя захады прымуць у належны час адпаведна нормам і правілам UNRWA», — сказаў Гак, не ўдакладняючы дэталяў.

26 студзеня генэральны камісар UNRWA Філіп Лядзарыні неадкладна звольніў дзевяць з 12 асобаў, якіх Ізраіль першапачаткова абвінаваціў ува ўдзеле ў кастрычніцкіх тэрарыстычных нападах, і было пачата ўнутранае расьсьледаваньне. Тады службоўцы заявілі, што пацьверджана гібель аднаго супрацоўніка і яны высьвятляюць асобы яшчэ двух.

UNRWA паведаміла, што атрымала інфармацыю ад ізраільскіх уладаў яшчэ пра пяць выпадкаў такога ўдзелу ў сакавіку і два ў красавіку, якія далучылі да расьсьледаваньня OIOS.

Калі ў канцы студзеня зьявіліся навіны пра абвінавачаньні, больш за тузін дзяржаваў-донараў, у тым ліку найбуйнейшы фундатар ААН, Злучаныя Штаты, прыпынілі фінансавую падтрымку UNRWA, якая мела абавязак быць на перадавой у Газе і дапамагаць больш чым 2 мільёнам палестынцаў у сэктары.

Прадстаўнік Ізраілю пры ААН пакрытыкаваў на плятформе X высновы справаздачы: «занадта мала і занадта позна». Гіляд Эрдан паўтарыў заклік да закрыцьця UNRWA і адстаўкі генэральнага сакратара ААН.

7 кастрычніка 2023 году баевікі ХАМАС прарвалі мяжу з Ізраілем, забілі і ўзялі ў закладнікі многіх ізраільцянаў. З таго часу Армія абароны Ізраілю праводзіць апэрацыю ў сэктары Газа з бамбаваньнямі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG