У Варшаве грамадзянку Беларусі будуць судзіць за перадачу КДБ інфармацыі пра беларускія арганізацыі ў Польшчы.
У Акруговы суд Варшавы перадалі справу беларускі Дар'і А., якая абвінавачваецца ў шпіянажы на карысьць Беларусі. Згодна з вэрсіяй пракуратуры, жанчына зьбірала інфармацыю пра беларускую апазыцыю ў Польшчы і перадавала яе КДБ.
Паводле абвінавачаньня, Дар’я А. у 2023 годзе шматразова перадавала КДБ Беларусі інфармацыю, якая тычыцца дзейнасьці, структуры і фінансаваньня арганізацый, якія аказваюць падтрымку беларускай апазыцыі. Гэтыя зьвесткі рэжым Лукашэнкі выкарыстоўваў для прапаганды, каб абвінаваціць праціўнікаў у экстрэмізьме, а польскія спэцслужбы — у тым, што яны замаўлялі дывэрсіі на аб’ектах крытычнай інфраструктуры Беларусі.
Ілжывая інфармацыя наносіла шкоду інтарэсам Польшчы і яе зьнешняй палітыцы, якая ўключае падтрымку беларускай апазыцыі, і вялі да дэстабілізацыі адносін паміж Польшчай і Беларусьсю, паведаміла Нацыянальная пракуратура Польшчы.
У сьнежні 2023 году Дар’ю А. затрымалі супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы. Раней яна жыла ў Баранавічах і з 2018 году кантактавала з рознымі апазыцыйнымі арганізацыямі, цікавілася іх дзейнасьцю і прапаноўвала сваю дапамогу. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў яна ўзяла на сябе ролю каардынатара кампаніі «Гавары праўду».
Вялікі розгалас атрымала інфармацыя, што дзяўчына калісьці здымалася ў порна.
У 2023 годзе жанчына пераехала ў Польшчу, жыла ў Варшаве, пазьней у Лодзі, дзе яе і затрымалі.
Да суду Дар’ю А. утрымліваюць у ізалятары. Па артыкуле 130 § 1 Крымінальнага кодэксу Польшчы (удзел у дзейнасьці замежнай выведкі) ёй пагражае ня менш за 5 гадоў пазбаўленьня волі.
Раней у Польшчы знайшлі і арыштавалі іншую беларуску — Марыю Мядзьведзеву. Як пісала Rzeczpospolita, пасьля абвяшчэньня прысуду і вызваленьня з-пад варты Марыя прапала. Яна падала заяву на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне, але не прыйшла ў варшаўскі суд, які мусіў прыняць рашэньне. Суд пастанавіў затрымаць яе і адправіць у турму.
Форум