Пракурор Мазавецкай управы па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй Нацыянальнай пракуратуры ініцыяваў расьсьледаваньне па факце ўдзелу судзьдзі ў дзейнасьці замежнай выведкі на тэрыторыі Польшчы і Беларусі і прадастаўленьня выведцы інфармацыі, перадача якой магла нанесьці шкоду Польшчы.
Справу распачалі 7 траўня паводле § 2 артыкула 130 Крымінальнага кодэксу Польшчы («шпіянаж»). Пакараньне паводле яго прадугледжвае ад 8 гадоў да пажыцьцёвага зьняволеньня.
Асноўная мэта расьсьледаваньня — вызначыць усе абставіны, зьвязаныя з магчымым супрацоўніцтвам Шмыта з замежнай выведкай, у тым ліку перш за ўсё аб’ём перададзенай інфармацыі, паведамляе пракуратура.
«Падчас разбору, сярод іншага, будзе прааналізавана яго фінансавае, асабістае і прафэсійнае становішча», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.
6 траўня Томаш Шмыт, судзьдзя 2-га аддзяленьня ваяводзкага адміністрацыйнага суду Варшавы, выступіў у прэс-цэнтры беларускага дзяржаўнага агенцтва БелТА. На брыфінгу ён падпісаў заяву аб адстаўцы, заявіў, што папрасіў абароны ў беларускіх уладаў, і выказаўся ў падтрымку палітыкі афіцыйнага Менску. Свае дзеяньні ён патлумачыў нязгодай з палітыкай і дзеяньнямі ўладаў Польшчы.
Польскае выданьне Gazeta Wyborcza высьветліла, што судзьдзя Томаш Шмыт часта на службе вызначаў, каму даваць доступ да сакрэтных матэрыялаў. У Варшаўскім ваяводзкім адміністрацыйным судзе ён займаўся справамі, датычнымі дзяржаўных таямніц. На 4 чэрвеня ён быў прызначаны ў склад камісіі адносна наданьня доступу да сакрэтнай інфармацыі, у тым ліку да таямніц NATO, Эўразьвязу і Эўрапейскай касьмічнай агенцыі (ЭКА).
Вядома, што судзьдзя Шмыт уцёк у Беларусь праз Турэччыну.
Выданьне піша, што Шмыта шанавалі ў часы ўраду ПіС, генэральны пракурор Польшчы Зьбігнеў Зёбра прызначыў яго на працу ў Дзяржаўны судовы рэестар (па-польску KRS, у час рэформаў ПіС ён атрымаў у прэсе назву neo-KRS). Аднак Эўрапейскі суд правоў чалавека і Трыбунал правасудзьдзя ЭЗ у сваіх выраках пасьля разгляду польскай справы адзначылі, што судзьдзі прызначаліся ў KRS памылкова. У сакавіку Таварыства польскіх судзьдзяў Iustitia, грунтуючыся на гэтых рашэньнях, пастанавіла, што працэдуру неабходна паўтарыць.
Форум