Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь — адна з самых небясьпечных краінаў Эўропы, — рэйтынг Numbeo


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Сілавік ў цывільным затрымлівае пратэстоўца. Горадня, верасень 2020 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Сілавік ў цывільным затрымлівае пратэстоўца. Горадня, верасень 2020 году

У першым паўгодзьдзі 2024 году Беларусь заняла 54-е месца ў сусьветным Індэксе злачыннасьці, які складае партал Numbeo. Сярод краінаў Эўропы, паводле рэйтынгу, Беларусь другая з самых небясьпечных.

Numbeo фармуе рэйтынгі на аснове апытаньняў карыстальнікаў сайта за апошнія 36 месяцаў. Для ацэнкі краінаў выкарыстоўваецца шкала ад 0 да 100. Стваральнікі рэйтынгу лічаць, што адзнака ніжэйшая за 20 адпавядае краінам зь вельмі нізкім узроўнем злачыннасьці, ад 20 да 40 — зь нізкім, ад 40 да 60 — з умераным, ад 60 да 80 — з высокім, а вышэй 80 — зь вельмі высокім.

У першым паўгодзьдзі 2024 году Беларусь у Індэксе злачыннасьці апынулася на 54-ым месцы з 146 краін з паказчыкам 50,6 бала. У параўнаньні з 2023 годам Беларусь крыху палепшыла свае пазыцыі (у першым паўгодзьдзі 2023 году Беларусь набрала 51,4 бала).

Сярод краінаў Эўропы больш высокі ўзровень злачыннасьці, паводле рэйтынгу, толькі ў Францыі: яна набрала 55,3 бала і займае 39-е месца ў рэйтынгу. У топ-3 краінаў Эўропы, якія карыстальнікі сэрвісу палічылі самымі небясьпечнымі, таксама трапіла Бэльгія (49,7 бала і 57-е месца).

Усе краіны-суседкі Беларусі, паводле рэйтынгу, больш бясьпечныя. Самай небясьпечнай зь іх аказалася Ўкраіна — 46,8 балаў і 69 месца ў Індэксе злачыньнасьці. За ёй ідзе Расея з паказчыкам 38,9 бала (97 месца). Латвія набрала 37,3 бала (100 месца), Літва — 32,5 бала (111 месца). Найбольш бясьпечная з краінаў-суседак Польшча — 29,1 бала і 118 месца ў рэйтынгу.

Тройка самых небясьпечных краінаў сьвету, згодна з рэйтынгам, — Вэнэсуэла, Папуа-Новая Гвінея і Гаіці. У першым паўгодзьдзі 2024 года Вэнэсуэла набрала 80,9 бала, Папуа-Новая Гвінея — 80,1 бала, Гаіці — 78,7 бала.

Тройка самых бясьпечных краінаў — Андора (14,1 бала), Аб’яднаныя Арабскія Эміраты (15,6 бала) і Катар (16 балаў).

Індэкс злачыннасьці ў Беларусі рэзка ўзрос ў пачатку 2021 году — да адзнакі ў 60,27 бала і 16-га месца з 129 краінаў. З кожным годам гэты паказчык паступова зьніжаецца, але на цяперашні момант Беларусь па-ранейшаму застаецца адной з самых небясьпечных краінаў Эўропы паводле рэйтынгу.

Для складаньня Індэксу злачыннасьці экспэрты Numbeo ўлічвалі такія паказчыкі як агульнае ўспрыманьне ўзроўню злачыннасьці ў краіне, бясьпека, занепакоенасьць з нагоды канкрэтных злачынстваў, ацэнка ўзроўню злачынстваў супраць уласнасьці, ацэнка ўзроўню гвалтоўных злачынстваў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG