Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прэзыдэнт ЗША ні пры чым, а Лукашэнку падзякавалі». Што беларускія дзяржаўныя СМІ напісалі пра абмен вязьнямі


Сустрэча вызваленых палітвязьняў у ЗША, 2 жніўня 2024 году
Сустрэча вызваленых палітвязьняў у ЗША, 2 жніўня 2024 году

​​​​​​​1 жніўня адбыўся вялікі абмен вязьнямі паміж Расеяй, ЗША і Нямеччынай. Вызвалілі ў тым ліку Рыка Крыгера, якому ў Беларусі прысудзілі сьмяротнае пакараньне, а пасьля памілавалі. Расказваем, як гэта асьвятлялі беларускія дзяржаўныя СМІ

У межах абмену Расея перадала ЗША і Нямеччыне 16 палітычных вязьняў, у тым ліку расейскіх грамадзян, і вярнула на сваю тэрыторыю 10 расейцаў, якіх у ЗША і эўрапейскіх краінах асудзілі за забойства, шпіянаж, кантрабанду і кібэрзлачынствы.

Падзея прайшла праз усе буйныя міжнародныя мэдыя і спачатку анансавалася як абмен вязьнямі паміж Захадам, з аднаго боку, і Расеяй і Беларусьсю, з другога. У Беларусі знаходзіўся Рыка Крыгер — асуджаны да сьмяротнага пакараньня і вельмі хутка памілаваны Лукашэнкам грамадзянін Нямеччыны. Але з пачаткам працэсу абмену згадкі пра Беларусь амаль цалкам зьніклі.

Што паведамілі адразу

Беларускія дзяржаўныя СМІ далі некалькі кароткіх навінаў непасрэдна ў дзень абмену, 1 жніўня, мімаходзь згадаўшы затрыманага, асуджанага і памілаванага ў Беларусі грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера.

Беларускае агенцтва навінаў БелТА з гэтай нагоды толькі перадрукавала падзяку Лукашэнку ад Крамля, без дадатковых тлумачэньняў.

«Крэмль дае найвышэйшую ацэнку ў мерапрыемстве, якое адбылося, садзейнічаньню Беларусі і асабіста Аляксандру Лукашэнку», — працытавала БелТА Пяскова, спасылаючыся на ТАСС.

БелТА таксама дало кароткую навіну са спасылкай на турэцкае NTV, дзе згадваўся абмен вязьнямі.

На тэлеканале «Беларусь-1» у вечаровых навінах і асобнай навіной на сайце каротка расказалі пра абмен зьняволенымі, згадаўшы, што сярод іх быў таксама затрыманы ў Беларусі Крыгер. У такім жа рэчышчы пра яго выказалася газэта адміністрацыі прэзыдэнта «СБ: Беларусь сегодня».

Дзяржаўнае агенцтва БелТА дало і кароткую цытату прэс-сакратаркі Лукашэнкі Натальлі Эйсмант пра тое, што «перамовы былі не публічныя і патрабавалі цішыні».

Пасьля абмену

Фактычна адзінай рэакцыяй на абмен вязьнямі ў беларускіх дзяржаўных СМІ сталі цытаты Лукашэнкі і Пяскова. Першы вінаваціў амэрыканскага прэзыдэнта ў «набіваньні аўтарытэту», другі дзякаваў Лукашэнку за «садзейнічаньне ў выбудоўваньні складанага ланцужка абмену».

«Вы бачылі: хлопцаў павыцягвалі. Нас папрасілі — мы падключыліся да гэтага, дапамаглі чым маглі. Людзей вызвалілі, якіх на Захадзе пажыцьцёва заключылі. Праўда, на гэтым нехта тыпу прэзыдэнта ЗША аўтарытэт свой набівае, хоць ён да гэтага ня меў ніякага дачыненьня. Спэцслужбы вялі гэтыя перамовы, нават дыпляматаў не падключалі. Мы дамовіліся, што ціха будзем рабіць — пачалі гарлапаніць на ўвесь сьвет», — выказаўся Лукашэнка.

Якую менавіта ролю ў гэтых перамовах выконваў ён, Лукашэнка не патлумачыў. Газэта «СБ: Беларусь сегодня» са спасылкай на Лукашэнку паведаміла, што беларускі бок аказаў «пасільнае садзейнічаньне». Якім чынам, таксама не патлумачылі.

Тую ж самую цытату Лукашэнкі прывёў тэлеканал «Беларусь-1».

Беларускія дзяржаўныя рэгіянальныя выданьні давалі больш навінаў са спасылкай на расейскія СМІ і расейскіх чыноўнікаў.

«Мінская праўда», напрыклад, працытавала прэс-сакратара Пуціна Пяскова, які расказаў пра перамовы і падзякаваў Лукашэнку: «Масква ўдзячная Лукашэнку за садзейнічаньне ў выбудоўваньні складанага ланцужка абмену».

Гомельскае рэгіянальнае выданьне са спасылкай на Russia Today паведаміла, што вызваленых расейцаў у маскоўскім аэрапорце сустракаў асабіста Пуцін. У навіне толькі мімаходам згадалі беларускі кантэкст — а менавіта, што сярод вызваленых з боку Расеі затрыманы і асуджаны ў Беларусі Рыка Крыгер.

У адрозьненьне ад заходніх СМІ, у беларускіх дзяржаўных мэдыя навіны пра абмен вязьнямі не былі на першым пляне. Больш увагі яны аддалі барацьбе за ўраджай, барацьбе з наступствамі ўрагану і паездцы Лукашэнкі ў Мазырскі раён.

Рыка Крыгер

Грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера ў Беларусі арыштавалі яшчэ ўвосень мінулага году. Вядома пра гэта стала толькі ў ліпені — калі Крыгера судзілі.

Яго прызналі вінаватым паводле 6 цяжкіх артыкулаў КК РБ, у тым ліку ў акце тэрарызму. 24 чэрвеня грамадзяніну Нямеччыны ў Беларусі вынесьлі сьмяротны прысуд.

Ужо 30 ліпеня Лукашэнка склікаў нараду наконт памілаваньня Крыгера, які напісаў прашэньне на ягонае імя. На ёй прысутнічалі старшыня КДБ Іван Тэртэль, адвакат нямецкага грамадзяніна Ўладзімер Горбач, прапагандыстка Людміла Гладкая, якая нядаўна апублікавала падрабязнасьці працэсу над грамадзянінам Нямеччыны. У той жа дзень Лукашэнка памілаваў Крыгера. Паводле якой працэдуры Рыка Крыгер апынуўся ў абменным сьпісе Расеі, хоць быў затрыманы, асуджаны і памілаваны ў Беларусі, не тлумачылі ні расейскія, ні беларускія прадстаўнікі ўлады.

Раней аб’яднаньне былых сілавікоў BelPol прыйшло да высновы, што ўся гісторыя з прыездам Рыка Крыгера ў Беларусь і ягоным затрыманьнем была інсьпіраваная беларускімі спэцслужбамі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG