Срэбра Віялета заваявала з вынікам 56.060. Пасьля кваліфікацыі ў 19-гадовай беларускі быў другі вынік сярод 16 спартовак — 56.340.
Віялета Бардзілоўская — дэбютантка Алімпійскіх гульняў. Віялеце 19 гадоў, яна родам з Магілёва. У 2021-м Віялета стала чэмпіёнкай Эўропы на юніёрскім узроўні ў сынхронных скачках.
Золата скачках на батуце заваявала брытанка Браёні Пэйдж (56,480), якая дадала да тытулу дзеючай чэмпіёнкі сьвету званьне алімпійскай чэмпіёнкі. У Бардзілоўскай срэбра, тройку прызёраў замкнула канадка Сафіян Мета (55,650).
Другое месца на Алімпійскіх гульнях стала для 19-гадовай беларускі найлепшым вынікам у дарослай кар'еры на міжнароднай арэне. Да гэтага галоўным індывідуальным дасягненьнем Віялеты было сёмае месца на этапе Кубку сьвету ў Баку ў 2022 годзе. У гэтым сэзоне беларуска выступіла на двух этапах сусьветнага Кубку, заняўшы 10-ю пазыцыю на турніры ў Азербайджане і 12-е месца ў спаборніцтвах у Нямеччыне.
Алімпійскі чэмпіён папярэдняй Алімпіяды ў Токіё Іван Літвіновіч пачне кваліфікацыю ў 19:00. Фінал у гэтай дысцыпліне пачнецца ў 20:50.
Сёньня аб 11.15 на старт выйшла беларуска, якая выступае за Польшчу, Марыя Жодзік. У кваліфікацыі па скачках у вышыню яна паказала вынік 1,83 мэтра і не прайшла ў паўфінал.
Таксама сёньня на старт выйшла беларуска Аляксандра Пятрова. Яна выступала ў кваліфікацыі па стральбе з малакалібэрнага пісталета на 25 мэтраў. Пятрова паказала 22-і вынік і ня выйшла ў паўфінал.
У 21:39 пройдзе фінал у плаваньні на 200 м на сьпіне. У ім возьме ўдзел беларуска Анастасія Шкурдай, якая прабілася ўчора ў фінал з восьмым вынікам з васьмі.
Раней на Алімпійскіх гульнях у Парыжы да фіналу дайшла іншая «нэўтральная спартоўка», беларуска Аліна Змушка. У фінальным заплыве на 100 мэтраў брасам беларуска заняла 8-е месца. У паўфінале яна пабіла нацыянальны рэкорд, а вось у фінале час аказаўся горшы за ранейшы заплыў.
Зь Беларусі на гэтых гульнях выступаюць 17 спартоўцаў.
- Роварны спорт: Ганна Церах.
- Скачкі на батуце: Іван Літвіновіч, Віялета Бардзілоўская.
- Цяжкая атлетыка: Сюзанна Валадзько, Яўген Ціханцоў.
- Дужаньне: Абубакар Хаслаханаў, Магамедхабіб Кадзімагамедаў.
- Стральба: Дар’я Чупрыс, Аляксандра Пятрова.
- Веславаньне: Яўген Залаты, Тацяна Клімовіч.
- Каноэ: Уладзіслаў Кравец, Юлія Трушкіна.
- Плаваньне: Ільля Шымановіч, Анастасія Шкурдай, Аліна Змушка.
- Тэквандо: Георгі Гурцыеў.
Беларускія спартоўцы выступаюць на Алімпіядзе ў нэўтральным статусе. Абмежавальныя захады ўведзеныя ў адказ на вайну, якую з 24 лютага 2022 году працягвае Расея ва Ўкраіне з выкарыстаньнем тэрыторыі Беларусі.
Форум