Палітычны аналітык і мэдыяэкспэрт Паўлюк Быкоўскі напярэдадні канфэрэнцыі «Новая Беларусь» аналізуе розныя бакі дзейнасьці каманды Сьвятланы Ціханоўскай за апошні час, пералічвае асноўныя скандалы, правалы і посьпехі Аб’яднанага пераходнага кабінэту і разважае пра паглыбленьне разрыву паміж беларусамі ў замежжы і беларусамі ў Беларусі.
Сьцісла:
- Можна прасачыць пасьлядоўны шлях ад пэрсанальнага прадстаўніцтва да інстытуцыялізацыі дэмакратычных сілаў Беларусі.
- Беларусы маюць палітыка, які валодае правам гаварыць ад імя дэмакратычных беларусаў, і гэтае права прызнаецца замежнымі краінамі.
- Магчыма, колькасьць галасоў, якія крытыкуюць Ціханоўскую, павялічылася, але таксама магчыма, што гэта проста эфэкт «рэха-камэры», у якой мы знаходзімся.
- Выбары ў Каардынацыйную раду паказалі, што параўнаць мандат КР і Сьвятланы Ціханоўскай немагчыма.
— На гэтых выходных у Вільні пройдзе канфэрэнцыя «Новая Беларусь». Мінулая канфэрэнцыя адбылася ў жніўні летась у Варшаве. Якія мэты з тых, што ставіліся на мінулых канфэрэнцыях, атрымалася дасягнуць? А якія мэты былі прадэкляраваныя, але не дасягнутыя?
— Варта прыгадаць першую канфэрэнцыю «Новая Беларусь» у 2022 годзе, бо тады быў створаны Аб’яднаны пераходны кабінэт і аднавіла працу Каардынацыйная рада. Таму можна прасачыць пэўны пасьлядоўны шлях ад пэрсанальнага прадстаўніцтва да інстытуцыялізацыі дэмакратычных сілаў Беларусі.
Іншае пытаньне, што Каардынацыйная рада, якая тады фармавалася шляхам кааптацыі сяброў, выглядала не зусім як прадстаўнічы орган, і ўзьнікла ідэя і жаданьне зрабіць яго выбарным. Але нават тая КР магла заслухаць прадстаўнікоў Кабінэту і, напрыклад, выказаць недавер Аляксандру Азараву, — і ў выніку ён быў пазбаўлены пасады ў Кабінэце.
Разам з тым мы бачым, што гэтыя структуры ўсё яшчэ ня так цьвёрда стаяць на нагах. Выбары сёлета ў КР ужо новага скліканьня паказалі, што, па-першае, удзел у выбарах быў зусім не вялікім; па-другое, новыя сябры КР пакуль ня здолелі знайсьці шляхі да кампраміснай працы. Група, якая атрымала большасьць, заняла там усе камандныя вышыні — і гэта робіць КР не такой цікавай пляцоўкай для абмеркаваньня і спрэчак.
Наступны момант — гэта рэгулярнасьць працэсаў. Канфэрэнцыя «Новая Беларусь» паўтараецца ўжо трэці раз, у жніўні. Зьмены ў кадравым складзе Кабінэту адбываюцца дастаткова сытуацыйна, таму тут нельга гаварыць пра рэгулярнасьць.
Але на ўсё гэта грамадзкасьць магла б заплюшчыць вочы, калі б дзейнасьць гэтых структураў была эфэктыўнай і давала б зразумелы вынік. А тут акурат ёсьць пэўныя пытаньні. Бо калі першапачаткова заяўляліся вялікія мэты, то цяпер відаць, што многія праекты нічым не завяршыліся. І цяжка сказаць, чым могуць пахваліцца тыя самыя міністры АПК.
Але прынамсі можна казаць, што Беларусь захавалася на парадку дня міжнароднай супольнасьці — у гэтым сэнсе функцыя Сьвятланы Ціханоўскай была выкананая.
— Чаго было больш — скандалаў, супярэчнасьцяў і няўдач або пасьпяховых праектаў і перамогаў?
— Тут складана сказаць. Бо ёсьць вялікі кірунак міжнароднай дзейнасьці, у якім, у прынцыпе, многім можна пераважна ганарыцца. З другога боку, ёсьць пытаньне, якое канкрэтнае прымяненьне гэта мае ў дачыненьні да беларусаў у Беларусі ці тых, якія вымушаныя былі выехаць з краіны з палітычных прычынаў.
Што тычыцца іншых рэчаў, то калі лічыць, што «пашпарт Новай Беларусі» — гэта правал, то гэта рэальны правал. А калі казаць, што плян «Перамога» быў фактычна перакрэсьлены і давер страчаны, то гэта таксама правал. Дзяленьне некаторых структураў, такіх як ByPol, таксама не дадае станоўчых ацэнак.
Праводзіліся апытаньні (Цэнтрам новых ідэяў) наконт таго, якія структуры патрэбныя і карысныя, і там было зафіксавана, што давер да ByPol і BelPol зьнізіўся. Высокі давер застаецца ў палка Каліноўскага, праваабарончага цэнтру «Вясна», у «Кібэрпартызанаў». І тут, вядома, ёсьць такі аспэкт, што да розных структураў падыходзяць з рознымі меркамі.
Пры тым відавочна, што сацыялягічныя апытаньні ўнутры Беларусі складана правесьці нават па пытаньні, якія інфармацыйныя рэсурсы людзі там спажываюць, з улікам таго, што большасьць гэтых рэсурсаў аб’яўленыя экстрэмісцкімі. А тут размова ідзе пра «экстрэмісцкія фармаваньні» і нават «тэрарыстаў». Таму, натуральна, людзі ня могуць свабодна выказвацца.
Аднак беларусы маюць палітыка, які валодае правам гаварыць ад імя дэмакратычных беларусаў, і гэтае права прызнаецца замежнымі краінамі. Гэта захавалася, і гэта добра.
— Ці ўзмацніліся пазыцыі і аўтарытэт самой Ціханоўскай сярод беларускай палітычна актыўнай грамадзкасьці за гэты год? Як выглядае сытуацыя зь еднасьцю антыдыктатарскіх сілаў? Чаму, як падаецца, усё больш розных палітыкаў выступаюць супраць каманды Ціханоўскай? Маргінальныя ці ўплывовыя гэтыя сілы? Каго яны прадстаўляюць?
— Дынаміку аўтарытэту Ціханоўскай і яе каманды даволі складана замераць. Можна казаць, што раней сапраўды мала хто з дэмакратычных сілаў наважваўся яе крытыкаваць. Я не магу сказаць, што колькасьць тых, хто крытыкуе Ціханоўскую і яе структуры, рэальна пашырылася.
Проста ў многіх узьнікаюць пытаньні пра яе легітымнасьць, бо неўзабаве 2025 год. А на які час ёй быў выдадзены мандат прадстаўляць беларусаў? Ці задаюцца пытаньні проста ў лоб: абяцала вызваліць палітзьняволеных, а яны застаюцца за кратамі. Цяжка сказаць, ці ёсьць такія пытаньні вызначальнікам дзейнасьці палітыка, які знаходзіцца за межамі краіны.
Магчыма, сапраўды колькасьць галасоў, якія крытыкуюць Ціханоўскую, павялічылася, але магчыма таксама, што гэта проста эфэкт «рэха-камэры», у якой мы знаходзімся.
Ёсьць іншы момант. Паколькі ўзьнікае пытаньне зь легітымнасьцю Ціханоўскай пасьля 2025 году, ёсьць тыя, хто гатовы нешта атрымаць для сябе ад гэтай легітымнасьці. У гэтым кірунку я сапраўды чую больш выказваньняў. Там можа і не гучаць крытыка непасрэдна Ціханоўскай, а размова вядзецца пра большую ролю нейкіх калектыўных структураў і большыя іх прадстаўніцтва і функцыі.
Аднак тыя ж выбары ў Каардынацыйную раду паказалі, што параўнаць мандат КР і Сьвятланы Ціханоўскай проста немагчыма.
— Сапраўды, нямала кажуць пра паглыбленьне разрыву паміж беларусамі ў замежжы і беларусамі ў Беларусі. Ці вы падзяляеце такую ацэнку і што можна зрабіць, каб гэты разрыў не павялічваўся? Бо часам выглядае, што большасьць намаганьняў каманды Ціханоўскай накіраваныя найперш на беларусаў замежжа. Што ўвогуле рабіла і можа рабіць каманда Ціханоўскай для беларусаў у Беларусі?
— Тое, што робіцца для дыяспары — гэта навідавоку і мае практычнае значэньне. Бо каманда Ціханоўскай можа сустракацца з тымі замежнымі палітыкамі, якія прымаюць рашэньні і ўплываюць на жыцьцё беларусаў у замежжы.
Што да беларусаў у Беларусі, то тут такога непасрэднага ўзьдзеяньня няма і ня можа быць. Аднак Ціханоўская зьяўляецца іхным голасам, і тут узьнікае пытаньне, ці супадае тое, што яна кажа, з тым, што хацелі б ад яе пачуць людзі ў Беларусі. Тут могуць быць спрэчкі. У нас ёсьць сацыялягічныя зьвесткі, якія паказваюць, што пэўны давер да Сьвятланы Ціханоўскай захаваўся, але тут шмат прадметаў для дыскусіі.
Ціханоўская і Кабінэт зьвязаныя з праваабарончай дзейнасьцю ў Беларусі, і яны прыкладаюць пэўныя намаганьні, каб дапамагаць людзям, якія знаходзяцца за кратамі, і іхным сем’ям. Тыя арганізацыі, якія вядуць дзейнасьць непасрэдна ў Беларусі, натуральна, публічна не паведамляюць пра гэтую дзейнасьць. Сёньня тут ніхто публічна нічым пахваліцца ня можа, але гэта ня значыць, што там нічога няма.
Разрыў, пра які вы пытаеце, безумоўна, існуе. Бо беларусы ў Беларусі пазбаўленыя магчымасьці палітычнай дзейнасьці, ня могуць публічна выказваць свой пратэст. Перасьледуюць нават тых, хто падымае сацыяльныя пытаньні, спрабуе нешта зрабіць на гэтым узроўні.
А беларусы, якія вымушана пераехалі... Шмат хто зь іх страціў свой сацыяльны статус. Часам болей працуюць, болей стамляюцца, у іх застаецца менш часу на грамадзкую дзейнасьць. Гэта гаворыць пра розныя прыярытэты ў людзей, таму і атрымліваецца даволі істотны разрыў.
Форум