Пра завяршэньне будаўніцтва загароды на мяжы зь Беларусьсю 31 ліпеня паведаміла Дзяржаўная кампанія нерухомасьці Латвіі (VNĪ), якая кіравала праектам.
«Мы жывём ва ўмовах гібрыднай вайны, калі неабходна прадэманстраваць дакладныя і пераканаўчыя дзеяньні для дасягненьня нашай нацыянальнай мэты — усталяваньня самай сучаснай памежнай бясьпекі на ўсходняй мяжы Эўразьвязу. <...> Гэта ўнёсак ва ўмацаваньне бясьпекі як Латвіі, так і ЭЗ», — пракамэнтаваў завяршэньне праекту міністар унутраных спраў Латвіі Рыхард Казлоўскіс, яго цытуе «Позірк».
Інфраструктуру — патрульныя сьцежкі, пешаходныя масты і іншыя збудаваньні, неабходныя для аховы ўсіх 173 км мяжы, — працягнуць ствараць да канца 2024 году, удакладніў старшыня праўленьня VNĪ Рэнарс Грышкевічс. Таксама працягваецца стварэньне інфраструктуры і іншых рашэньняў на двух участках — у раёне ракі Даўгавы і вакол возера Рычу, дзе памежны плот не прадугледжаны.
Латвія, як і Літва з Польшчай, вырашыла пабудаваць фізычны бар’ер на мяжы зь Беларусьсю з прычыны міграцыйнага крызісу, які працягваецца зь вясны 2021 году.
За 30 ліпеня Дзяржаўная памежная ахова Латвіі перадухіліла 81 спробу мігрантаў нелегальна трапіць у краіну зь беларускай тэрыторыі. Гэта паўтарэньне сутачнага рэкорду для Латвіі ў 2024 годзе — столькі ж спробаў зафіксавалі 18 ліпеня (папярэдняе рэкорднае значэньне было 21 траўня — 76), сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз зьвестак памежных ведамстваў.
З пачатку ліпеня Латвія спыніла ўжо 1030 спробаў мігрантаў нелегальна трапіць у краіну з боку Беларусі (для параўнаньня: Польшча — ня менш за 1 271, Літва — 113).
- У 2024 годзе Латвія, Літва і Польшча агулам папярэдзілі сама меней 25 463 спробы парушэньня мяжы зь беларускай тэрыторыі (Польшча — сама меней 21 502, Латвія — 3 595, Літва — 366) — на 6% больш, чым за аналягічны леташні пэрыяд (24 012).
- У сьнежні 2023 году МУС Латвіі сьцьвярджала, што сухапутную частку агароджы на латвійска-беларускай мяжы пабудуюць да канца 2023 году.
- Агульны кошт будаўніцтва загароды і інфраструктуры латвійска-беларускай мяжы і зьвязаных з гэтым паслуг і работ складае каля 125,35 млн эўра.
Форум