Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рост ВУП на 4,1%, інфляцыя — не вышэй за 5%. Урад Беларусі абазначыў мэты на 2025 год


У 2025 годзе беларускія ўлады плянуюць дасягнуць росту эканомікі на ўзроўні 4,1%, вынікае з заявы прэм’ер-міністра Беларусі Рамана Галоўчанкі 31 ліпеня на пасяджэньні прэзыдыюму Савету міністраў.

На пасяджэньні разгледзелі пакет прагнозных дакумэнтаў на 2025 год, якія тычацца сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, мэтавых паказчыкаў грашова-крэдытнай палітыкі і рэспубліканскага бюджэту, піша БелТА.

Паводле Галоўчанкі, «рэалізацыя мэтавага сцэнару дасьць магчымасьць забясьпечыць рост рэальных даходаў насельніцтва на 4%, рэальнай зарплаты — на 4,7%. Тэмп росту эканомікі ў наступным годзе плянуецца на ўзроўні 104,1%.

«Для дасягненьня гэтай мэты ў праекце закладзенае актыўнае інвэстыцыйнае разьвіцьцё (107,8%), нарошчваньне абʼёмаў экспарту тавараў і паслуг (105,4%) і кантроль над інфляцыяй (ня больш за 5%)», — адзначыў прэмʼер-міністар.

Паводле Галоўчанкі, бюджэт на 2025 год будзе сфармаваны з дэфіцытам.

«Даходная частка бюджэту заплянаваная зь невялікім прыростам у 7,8% і чаканымі паступленьнямі ў абʼёме 45,5 млрд беларускіх рублёў. Пры гэтым бюджэт плянуецца з дэфіцытам. Гэта фармуе пэўныя рызыкі збалянсаванага фінансаваньня найважнейшых дзяржаўных выдаткаў, а таксама забесьпячэньня асноўных субʼектаў эканомікі неабходнымі рэсурсамі», — адзначыў чыноўнік.

Паводле міністра фінансаў Беларусі Юрыя Селіверстава, дэфіцыт бюджэту тлумачыцца прыцягненьнем крэдытаў.

«Гэта зьвязана збольшага і з тым, што мы прыцягваем на рэалізацыю розных мерапрыемстваў пазыковыя сродкі, у тым ліку Расейскай Фэдэрацыі», — заявіў Селіверстаў.

Паводле чыноўніка, бюджэт «захавае сацыяльную накіраванасьць». Галоўнай задачай Селіверстаў назваў заробкі бюджэтнікаў. Паводле яго, плянуецца, што сярэдні заробак лекараў да канца 2025 году павінен скласьці 150% да сярэдняга па эканоміцы, настаўнікаў — 100%.

Паводле міністра эканомікі Юрыя Чабатара, тэмпу росту ВУП у памеры 104,1% плянуюць дасягнуць за кошт трох асноўных напрамкаў: вытворчай, экспартнай і інвэстыцыйнай праграмы.

Так, тэмп росту экспарту тавараў і паслуг у 2025 годзе плянуюць у памеры 105,4%. «Наш ключавы партнэр — Расея, ставім задачу захаваць сваю прысутнасьць на гэтым рынку па асноўных таварах і, вядома, павялічыць. Будзем нарошчваць пастаўкі і ў краіны далёкай дугі, у тым ліку ў Азію (больш як на 10%), Афрыку (больш як на 20%)», — сказаў кіраўнік Мінэканомікі.

Росту інвэстыцыяў, паводле яго, чакаюць у памеры 7,8%. «Асноўны напрамак — гэта жыльлё. Таксама важная тэхналягічная частка, інвэстыцыі ў машыны і абсталяваньне», — праінфармаваў міністар.

  • Згодна з найважнейшымі прагнознымі парамэтрамі разьвіцьця Беларусі на 2024 год, інфляцыя сёлета павінна скласьці ня больш за 6%, прырост ВУП павінен скласьці 3,8%, рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва — 3,5%, рэальнага заробку — 3,9%, намінальнага сярэднямесячнага заробку — да 2087 рублёў (у бюджэтным сэктары — 1634).
  • У першым паўгодзьдзі 2024 году ВУП Беларусі вырас на 5%, паводле Белстату. МВФ чакае росту беларускай эканомікі ў 2024 годзе на ўзроўні 2,4%, Сусьветны банк — 1,2%, Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця — 2,8%, дасьледчы цэнтар BEROC — 4%, Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця — 3,7%.
  • Паводле Белстату, спажывецкія цэны за першае паўгодзьдзе 2024 году вырасьлі на 3,4%, у гадавым выражэньні — на 5,8%.
  • Рэальныя грашовыя даходы насельніцтва (даходы з улікам інфляцыі) у студзені—траўні 2024 году павялічыліся на 9,6% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2023 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG