Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне адбілі найбольшую за год атаку дронамі. На Данбасе расейскія войскі наступаюць «хвалямі»


Боепрыпасы расейскай арміі. Ілюстрацыйнае фота
Боепрыпасы расейскай арміі. Ілюстрацыйнае фота

Расейцы спрабуюць імпульсна наступаць на Харкаўшчыне, Данеччыне і на поўдні Ўкраіны.

У Кіеўскай гарадзкой вайсковай адміністрацыі заявілі, што ў ноч на 31 ліпеня Расея правяла найбольшую за апошні час атаку дронамі на ўкраінскую сталіцу.

Усе дроны зьбілі ў ваколіцах Кіева

Паводле кіеўскіх уладаў, спрацавалі сілы супрацьпаветранай абароны — у часе атакі зьбілі больш за 40 дронаў.

«Гэта была ўжо сёмая атака Кіева варожымі дронамі ў ліпені. Яна стала найбольшай за 2024 год», — паведамілі ў адміністрацыі.

Расейцы атакавалі Кіеў у некалькі хваляў і з розных кірункаў. Паводле кіеўскіх уладаў, у сталіцы ніхто не пацярпеў, разбурэньняў таксама няма.

Улады Кіеўскай вобласьці, на тэрыторыі якой зьбілі расейскія бесьпілётнікі, паведамілі, што пры падзеньні аскепкаў пашкоджаньні атрымалі 13 прыватных дамоў. Пацярпелыя атрымалі неабходную дапамогу.

У той жа час абласныя ўлады пераконваюць, што аскепкі зьбітых дронаў пераважна падалі за межамі населеных пунктаў.

У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што ў ноч на 31 ліпеня Расея атакавала ўкраінскую тэрыторыю 89 дронамі. Сродкі СПА зьбілі ўсе бесьпілётнікі.

На фронце адбылося амаль 200 баявых сутыкненьняў

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны за апошнія содні зафіксавалі 144 баявыя сутыкненьні на фронце.

Расея з авіяцыі і артылерыі атакавала пазыцыі ўкраінскага войска ў Харкаўскай, Данецкай, Запароскай і Херсонскай абласьцях.

На Харкаўшчыне расейцы атакуюць у раёне Ваўчанску і Ціхага, на Луганшчыне Макееўку, на Данеччыне — Часавы Яр і Тарэцк.

Расейцы наступаюць «хвалямі»

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) зьвярнулі ўвагу на «імпульсныя» наступы расейскіх войскаў — спробы наступаць па ўсёй лініі фронту суправаджаюцца зьніжэньнем інтэнсіўнасьці атак на адных участках і павелічэньнем на іншых.

Як адзначаецца ў справаздачы ISW за 30 ліпеня, усё лета расейскія войскі пэрыядычна праводзілі ўзводныя і ротныя мэханізаваныя атакі ў кірунку Ліману, Часавога Яру і на аўдзееўскім кірунку ў Данецкай вобласьці, а апошнім часам узмацнілі наступальныя дзеяньні на захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку.

Аналітыкі зьвярнулі ўвагу, што расейскія войскі правялі пяць мэханізаваных атак сіламі ад узводу да батальёну на захадзе Данецкай вобласьці 29 і 30 ліпеня. Геалякацыйныя кадры, апублікаваныя 29 ліпеня, сьведчаць пра прасоўваньне расейскіх сіл на паўднёва-заходніх ваколіцах Канстанцінаўкі.

У ISW не выключаюць, што расейцы спрабуюць захапіць Канстанцінаўку, каб перарэзаць трасу Т-0524 Вуглядар — Канстанцінаўка і прымусіць такім чынам адступіць украінцаў з гэтага раёну.

Экспэрты мяркуюць, што гатоўнасьць расейскага вайсковага камандаваньня да вялікіх стратаў у бранятэхніцы без правядзеньня шырокамаштабнай наступальнай апэрацыі на розных кірунках і без дасягненьня апэратыўна важных посьпехаў у доўгатэрміновай пэрспэктыве можа ўскладніць сытуацыю расейскіх войскаў.

«Пакуль што расейскія войскі маюць дастаткова бранятэхнікі для правядзеньня пэрыядычных ротных і большых мэханізаваных штурмаў па ўсёй лініі фронту ў кароткай і сярэднетэрміновай пэрспэктыве. Але незразумела, ці маюць яны неабходныя рэзэрвы бранятэхнікі для правядзеньня адначасовых наступальных апэрацый на некалькіх участках фронту і для замяшчэньня стратаў бранятэхнікі, якія могуць быць у выніку інтэнсыфікацыі мэханізаваных апэрацый», — адзначаецца ў справаздачы.

Аналітыкі мяркуюць, што гатоўнасьць Масквы на абмежаваныя тактычныя посьпехі ў абмен на значныя страты бранятэхнікі будзе ўскладняць сытуацыю расейскіх войскаў на фронце. У той жа час, такія расейскія наступальныя апэрацыі істотна зьнясільваюць украінскае войска.

У ISW мяркуюць, што такі падыход да паслабленьня ўкраінскіх сіл карэлюе з агульнай стратэгіяй Уладзіміра Пуціна наконт Украіны, якая грунтуецца на тым, што Расея зможа ўтрымаць любую тэрыторыю, якую захопіць расейскае войска.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG