Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскае войска прасунулася ў Данецкай вобласьці. Ва Ўкраіне пацьвердзілі адступленьне


Наступствы баявых дзеяньняў у Часавым Яры, 25 чэрвеня 2024. Архіўнае фота
Наступствы баявых дзеяньняў у Часавым Яры, 25 чэрвеня 2024. Архіўнае фота

Украінскія войскі адступілі з аднаго раёну гораду Часавы Яр у Данецкай вобласьці.

Міністэрства абароны Расеі паведаміла, што падразьдзелы паўднёвай групоўкі іх войскаў цалкам захапілі раён «Новы» ў населеным пункце Часавы Яр Данецкай вобласьці.

Як паведаміла ўкраінская служба Радыё Свабода, ва Ўкраіне пацьвердзілі адступленьне сваіх войскаў з часткі гэтага горада. Сьпікер апэратыўна-стратэгічнай групоўкі войскаў «Хорціца» Назар Валошын удакладніў, што ўкраінскія войскі адступілі з мікрараёну «Канал» (ён жа «Новы»).

«Камандаваньне ўхваліла рашэньне адысьці на больш абароненыя, падрыхтаваныя пазыцыі. Аднак і там вораг не спыняе сваіх актыўных баявых дзеяньняў. У яго ёсьць нейкія пэўныя дэдлайны, якія ён ня можа выканаць ужо некалькі месяцаў запар»,— сказаў Назар Валошын.

Паводле яго, утрымліваць гэты раён Часавога Яру было немэтазгодна, паколькі гэта пагражала жыцьцю і здароўю вайскоўцаў, а ўкраінскія пазыцыі там былі зьнішчаныя.

Мікрараён «Канал» («Новы») адасоблены ад большай часткі горада каналам Сіверскі Данец — Данбас. Баі за гэты раён пачаліся яшчэ ў пачатку красавіка 2024 году, калі расейцы пайшлі ў наступ на захад ад Бахмуту.

Паводле аналітыкаў DeepState, расейскія войскі таксама прарваліся на поўдзень ад Тарэцку, у раёне пасёлку Нью-Ёрк. У выпадку яго захопу расейцы змогуць штурмаваць Тарэцк і з усходу, і з поўдня. Ва ўкраінскім Генштабе адзначылі актывізацыю баявых дзеяньняў на гэтым кірунку.

У чэрвені ў выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі адзначалі, што для Расеі Часавы Яр зьяўляецца вельмі выгаднай пазыцыяй, бо ён знаходзіцца на вышыні, а таксама зручны як лягістычны вузел для ўкраінскага войска.

Часавы Яр — горад у Данецкай вобласьці, у якім да поўнамаштабнай вайны пражывалі 10 тысяч грамадзян. Лініяй фронту горад стаў пасьля таго, як расейцы захапілі Бахмут, які знаходзіцца за 10 кілямэтраў ад Часавога Яру.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG