Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі суд зьняў арышт з часткі актываў «Сервіс Ойл», якая раней падначальвалася «Беларуснафце»

абноўлена

«Беларуснафта»
«Беларуснафта»

Кіеўскі апэляцыйны суд зьняў арышт з часткі актываў «Сервіс Ойл», былой даччынай кампаніі беларускай дзяржаўнай нафтагазаздабыўной кампаніі «Беларуснафта», паведамляе ўкраінскае выданьне oboz.ua.

Пра гэта стала вядома з апэляцыйнай скаргі пракурора Падольскага раёну пракуратуры гораду Кіева, якую суд адхіліў.

Маёмасьць «Сервіс Ойл» сканфіскавалі на пачатку поўнамаштабнай вайны ў сувязі з саўдзелам Беларусі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны, пішуць украінскія СМІ.

«Гэта можа прывесьці да страты Ўкраінай магчымасьці нацыяналізаваць актыў ня менш як на 1,5 млрд грыўняў», — зазначае ўкраінскае выданьне.

Пастанова суду апублікаваная ў Адзіным рэестры судовых рашэньняў. Арышт з часткі актываў быў зьняты 1 траўня. 26 ліпеня суд плянуе разгледзець хадайніцтва «Сервіс Ойл» аб скасаваньні арышту на ўсю ягоную маёмасьць.

Яшчэ ў 2021 годзе «Беларуснафта» выйшла зь ліку заснавальнікаў «Сервіс Ойлу». Арышт з тэхнікі кампаніі здымаюць ужо цягам году. Робіцца гэта ў інтарэсах кампаніі, якой Агенцтва па выяўленьні, вышуку і кіраваньні карупцыйнымі актывамі (вядомае ва Ўкраіне як АРМА) перадала маёмасьць гэтай кампаніі ў кіраваньне. Гэта значыць, у інтарэсах ТАА «Нафтогазенергія», якое ўваходзіць у склад энэргахолдынгу ДТЕК украінскага мільярдэра Рыната Ахметава.

Пры гэтым у пачатку ліпеня суд узяў да разгляду справу аб банкруцтве «Сервіс Ойлу».

Што такое «Сервіс Ойл»?

Таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Сервіс Ойл» зарэгістраванае ва Ўкраіне 27 сьнежня 2012 году. Кампанія аказвала паслугі ў сфэры здабычы нафты і прыроднага газу. Яе ўласьнікам была дзяржаўная кампанія «Беларуснафта», але пасьля ўвядзеньня супраць яе ў 2021 годзе міжнародных санкцый «Сервіс Ойл» была перарэгістраваная на ААТ «Пухавічынафтапрадукт».

У канцы 2021 і пачатку 2022 году «Сервіс Ойл» выйграў два тэндэры дзяржаўнай кампаніі «Укргазвидобування» на рамонт сьвідравін на газавых радовішчах Украіны агулам на 2,08 мільярда грыўняў (звыш 60 мільёнаў даляраў). Вялося аб рамонце сьвідравін у Палтаўскай, Харкаўскай і Львоўскай абласьцях. Згодна з умовамі тэндэру, работы мусілі быць завершаныя да канца 2025 году.

Падольская акруговая пракуратура Кіева з траўня 2022 году расьсьледуе супраць кампаніі крымінальную справу аб «фінансаваньні дзеяньняў, учыненых з мэтай гвалтоўнай зьмены або зьвяржэньня канстытуцыйнага ладу, захопу дзяржаўнай улады, зьмены межаў тэрыторыі або дзяржаўнай мяжы Ўкраіны» (караецца зьняволеньнем ад 5 да 7 гадоў з пазбаўленьнем права займацца пэўнай дзейнасьцю цягам 2 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці), а таксама за «злоўжываньне паўнамоцтвамі юрыдычнай асобы» (караецца штрафам да 102 тысяч грыўняў, арыштам да 6 месяцаў або пазбаўленьнем волі да 6 гадоў).

У межах гэтай крымінальнай справы арыштаваныя карпаратыўныя правы гэтай кампаніі і яе маёмасьць.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG