Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне завялі справу аб увозе праз Эўропу мэтанолу зь Беларусі пад выглядам разбаўляльнікаў


Цыстэрна для перавозкі паліва. Ілюстрацыйнае фота
Цыстэрна для перавозкі паліва. Ілюстрацыйнае фота

У схеме было задзейнічана больш за 10 кампаній, зьвязаных з  украінскай «VМ-Groupe», а таксама пастаўшчыкі са Славаччыны, Чэхіі і Латвіі.

Ва Ўкраіне ў пачатку ліпеня правялі ператрусы ў кіраўнікоў кампаній, якія працуюць на рынку нафтапрадуктаў і былі ўцягнутыя ў схемы пастаўкі з Расеі і Беларусі мэтанолу пад выглядам разбаўляльнікаў для незаконнай вытворчасьці і рэалізацыі гаруча-змазачных матэрыялаў.

Як вынікае зь некалькіх рашэньняў суду Палтаўскай вобласьці, вобшукі праводзілі як па месцы пражываньня, так і на прадпрыемствах. Цяпер сьледчыя прызналі ўсе сканфіскаваныя рэчы доказамі, і на гэтай падставе суд дазволіў арыштаваць мабільныя тэлефоны, кампутары, а таксама ўзоры дызэльнага паліва, накладныя і сэртыфікаты на продаж нафтапрадуктаў.

Згодна з матэрыяламі сьледзтва, вырабленае паліва прадавалі прадпрыемствам рэальнага сэктару эканомікі, што дазволіла штучна сфармаваць падатковы крэдыт і пазьбегнуць аплаты падаткаў у памеры 2,2 мільярда грыўняў (прыблізна 55 мільёнаў даляраў у эквіваленце).

Сьледчыя выявілі, што для ўтойваньня расейскага і беларускага паходжаньня мэтылавага сьпірту яго імпарт рабілі праз шэраг эўрапейскіх кампаній, у тым ліку Preterm s.r.o. (Славаччына), LEKI TRAIDE COMPANY s.r.o. (Чэхія) і SIA EURO ENERGO COMPANY (Латвія). Пастаўкі ажыцьцяўляліся ў 2022 і 2023 гадах.

У матэрыялах крымінальнай справы адзначаецца, што ўласьнік і канцавы бэнэфіцыяр кампаніі «VМ-Groupe» Віталь Марчанка «з мэтай незаконнага ўзбагачэньня залучыў у злачынную дзейнасьць» сваіх блізкіх сваякоў, у тым ліку брата і жонку, а таксама знаёмых.

Справу завялі паводле ч. 3 артыкулу 212, ч. 1 артыкулу 209, ч. 2 артыкулу 204, ч. 2 артыкулу 205-1 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны («Пазьбяганьне аплаты падаткаў, легалізацыя даходаў, атрыманых злачынным шляхам, незаконная вытворчасьць падакцызных тавараў і падробка дакумэнтаў для рэгістрацыі юрыдычных асобаў адпаведна»). Заканадаўства прадугледжвае пакараньне за гэтыя правапарушэньні ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 3 да 6 гадоў зь вялікімі штрафамі і магчымай канфіскацыі маёмасьці.

Сёлета ў красавіку стала вядома, што паліва зь Беларусі і Расеі ва Ўкраіну падчас вайны пастаўлялі праз кампанію Wexler Group.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG