Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тэхнічная памылка». У справаздачы пра збор маратону салідарнасьці заўважылі вялікую суму на адміністрацыйныя расходы


Вольга Гарбунова, архіўнае фота
Вольга Гарбунова, архіўнае фота

У 2023 годзе на Маратоне салідарнасьці сабралі больш за 570 тысяч эўра для палітвязьняў. Днямі ў справаздачы фонду заўважылі адміністрацыйныя выдаткі на 155 тысяч эўра.

Справаздача аб выніках Маратону салідарнасьці зьявілася на сайце літоўскай арганізацыі «Рэгістрацыйны цэнтар». Дакумэнт датычыць выдаткаў фонду «21 траўня» («Gegužės 21») (празь яго зьбіралі ўсе данаты на Маратоне салідарнасьці «Нам ня ўсё роўна». — РС) за 2023 год. Яго публікацыя выклікала шэраг пытаньняў. Арганізатары Маратону напярэдадні яго правядзеньня запэўнівалі, што ўсе сабраныя людзьмі грошы пойдуць выключна на дапамогу іншым.

У размове са Свабодай сытуацыю патлумачылі прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту і адна з ініцыятарак маратону Вольга Гарбунова, а таксама дырэктарка фонду «21 траўня» Ксенія Малюкова.

«Тэхнічны збой»

Вольга Гарбунова зазначыла, што фонд «21 траўня», дзе яна была заснавальніцай, прайшоў аўдыт 24 ліпеня 2024 году. Фонд праверылі прадстаўнікі дзьвюх рэдакцый — «Люстэрка» і «Reform.news». Паводле Гарбуновай, ім паказалі ўсе дакумэнты аб плацяжах. Суразмоўца таксама сьцьвярджае, што ніякія адміністрацыйныя выдаткі не пакрываліся з тых сродкаў, якія сабралі на маратоне.

«Наколькі я разумею, фонд запытаў інфармацыю ў бухгальтарскай фірмы, літоўскай, якая абслугоўвае фонд, і яны патлумачылі, што гэта тэхнічная памылка. Яны падавалі зьвесткі, і праз тэхнічны збой дадзеныя з аднаго радка трапілі ў іншы радок. На гэты момант бухгальтарская фірма адклікала справаздачу, і яна будзе пададзеная па-новаму, і ў бліжэйшы час справаздача будзе апублікаваная. Таму адміністрацыйныя выдаткі, якія ёсьць у фондзе, не зьвязаныя з сабранымі сродкамі на маратоне», — кажа Вольга Гарбунова.

Па яе словах, усе грошы, якія сабралі ў час маратону, паступалі толькі на адзін рахунак — фонду «21 траўня». І з гэтага рахунку яны, паводле прадстаўніцы АПК, перададзеныя 12 арганізацыям і ініцыятывам, якія дапамагаюць палітвязьням.

Апублікаваная справаздача, па словах Гарбуновай, ня ўтрымлівае ўсёй апошняй інфармацыі пра разьмеркаваньне сродкаў з маратону, там бачныя плацяжы толькі да 31 сьнежня 2023 году. Сродкі разьмяркоўвалі паэтапна, інфармацыю пра 2024 год можна будзе ўбачыць у наступнай справаздачы ў 2025 годзе.

«Справаздача, скарэктаваная, ужо пададзеная. Але як хутка абновіцца — я ня ведаю. Напэўна, празь некалькі дзён, па словах бухгальтараў», — дадала прадстаўніца АПК.

Паводле Вольгі Гарбуновай, яна прыйшла да высновы, што памылкі ў справаздачнасьці здараюцца часта, гэта чалавечы фактар.

«Насамрэч гэта рэгулярная праца — пераправяраць справаздачы, уносіць зьмены. Я сама была зьдзіўленая такому. Я ня думаю, што літоўскім заканадаўствам прадугледжанае нейкае пакараньне, бо ў іх так і абазначана, што справаздачу можна адклікаць, скарэктаваць дадзеныя», — кажа Вольга Гарбунова.

Яна лічыць, што добра, што ёсьць увага да збору, ёсьць грамадзкі кантроль. Сытуацыяй ужо скарысталіся праўладныя тэлеграм-каналы. Але яны, па словах суразмоўцы, ад пачатку маратону спрабуюць яго дыскрэдытаваць.

«Гэта сумная гісторыя, калі ў некага атрымліваецца дыскрэдытаваць, але гэта тое, на што мы ня можам паўплываць. Фонд увесь год адкрыта публікаваў усе дадзеныя па пераводах, усе арганізацыі праходзілі аўдыты — і прамежкавыя, і фінальныя. Хутка Назіральная рада выйдзе з канчатковай фінансавай справаздачай», — абяцае прадстаўніца АПК.

«Мы імкнуліся да празрыстасьці»

Дырэктарка фонду «21 траўня» Ксенія Малюкова пацьвердзіла ў камэнтары Свабодзе словы Вольгі Гарбуновай.

«Наша бухгальтарская фірма, якая аказвае паслугі фонду „21 траўня“, апублікавала справаздачнасьць з тэхнічнай памылкай, з-за якой частка сродкаў у балянсе фонду была адлюстраваная ня ў тым радку», — кажа Малюкова.

Яна ня ведае, хто першы заўважыў памылку. «Мы імкнуліся да празрыстасьці, арганізавалі Назіральную раду, таму нам сталі паступаць сыгналы зь некалькіх крыніц, што, здаецца, ёсьць нейкая памылка. Супэр, што тэма важная для людзей і ёсьць столькі ўвагі, гэта радуе», — дадала дырэктарка фонду.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG