«Мы працягваем выплочваць суму, якую атрымалі ў межах маратону салідарнасьці „Нам ня ўсё адно“. 99 заявак на суму 49 500 эўра ўжо выплачаныя, і мы зьбіраем новую групу выплат. Зь першага траншу ад маратону ў памеры 100 тысяч эўра мы зможам аплаціць яшчэ 100 заявак», — гаворыцца ў павдемленьні сузаснавальніка BySol Андрэя Стрыжака.
Ад імя фонду ён заклікаў падаваць заяўкі для атрыманьня дапамогі ў памеры 500 эўра па спасылках:
- сям’я палітвязьня;
- вызваленыя палітвязьні.
У BySol удакладнілі, хто можа разьлічваць на дапамогу. Гэта:
- заяўнікі, якія не атрымлівалі дапамогі ад BySol у выглядзе разавай выплаты/пэрсанальнага збору цягам 2022–2023 гадоў.
- заяўнікі, якія атрымлівалі раней дапамогу ад BySol у межах кампаній дапамогі дзецям (збор на летні адпачынак/збор да школы/калядны збор).
29 ліпеня ад 10-й ранку да 10-й вечара менскага часу на YouTube-пляцоўках праходзіў усебеларускі онлайн-маратон салідарнасьці «Нам ня ўсё адно!». Збор грошай працягваецца і пасьля заканчэньня онлайн-маратону.
Яго галоўнай мэтай быў збор сродкаў для палітычных зьняволеных і іх сем’яў. З ініцыятывай правесьці такі маратон выступіла прадстаўніца ў сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі Вольга Гарбунова са сваёй камандай.
Падчас маратону сабралі каля 575 тысяч эўра. Зь іх BySol перадалі 100 тыс. эўра, 27,5 тыс. эўра — фонду салідарнасьці ByHelp, па 13,5 тыс. — праваабарончай ініцыятыве Dissidentby, дабрачыннай арганізацыі Littouwin LIONS CLUB, фонду дапамогі беларусам у Літве Razam і ініцыятыве «Анархічны Чорны крыж Беларусі», 13 тыс. — дабрачыннаму фонду «Краіна для жыцьця», 9,5 тыс. — ініцыятыве «Беларуская рада культуры».