Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне зьнізілася колькасьць людзей, якія лічаць Беларусь культурна блізкай да сябе краінай


Акцыя ў Марыюпалі з нагоды Дня Незалежнасьці Ўкраіны ў жніўні 2014 году. Ілюстрацыйнае фота
Акцыя ў Марыюпалі з нагоды Дня Незалежнасьці Ўкраіны ў жніўні 2014 году. Ілюстрацыйнае фота

Сацыёлягі адзначаюць, што ў параўнаньні з 2017 годам доля тых, хто хацеў бы аднаўленьня СССР, зьменшылася з 21% да 9%, і з 63% да 78% павялічылася колькасьць тых, хто гэтага ня хоча.

Ва Ўкраіне павялічылася колькасьць грамадзян, якія лічаць сябе этнічнымі ўкраінцамі, і зьнізілася колькасьць тых, хто лічыў Расею і Беларусь «культурна блізкімі краінамі».

Як вынікае з апытаньня, праведзенага Цэнтрам Разумкова, 95% апытаных лічаць сябе этнічнымі ўкраінцамі, 2% — этнічнымі расейцамі, 2% — прадстаўнікамі іншых этнасаў, 1,5% ня вызначыліся са сваёй этнічнай прыналежнасьцю.

У 2000 годзе 72,7% называлі сябе этнічнымі ўкраінцамі, 20% — расейцамі, і 3,1% не маглі адказаць на пытаньне.

На пытаньне, да якой культурнай традыцыі належаць, 76% рэспандэнтаў адказалі, што да ўкраінскай (у 2006 годзе было 56%). З 7% да 14% павялічылася колькасьць тых, хто адносіць сябе да агульнаэўрапейскай культурнай традыцыі, і зьнізілася колькасьць тых, хто адносіць сябе да расейскай (з 11% да 0,5%) і савецкай (з 16% да 4%) культурных традыцый. Істотна зьнізілася належнасьць да расейскай культурнай традыцыі сярод расейскамоўных — з 26% да 5%.

Згодна з вынікамі апытаньня, Эўрапейскі Зьвяз асацыююць з прагрэсам і разьвіцьцём 76,5% рэспандэнтаў, Расею — з адсталасьцю і рэгрэсам 78% (у 2017 годзе такая асацыяцыя была ў 51% апытаных).

Сацыёлягі адзначаюць, што ў параўнаньні з 2017 годам частка тых, хто хацеў бы аднаўленьня СССР, зьменшылася з 21% да 9%, і з 63% да 78% павялічылася колькасьць тых, хто гэтага ня хоча.

«У параўнаньні з 2006 і 2021 годам зьнізілася самаацэнка культурнай блізкасьці з жыхарамі Беларусі — увогуле па краіне з 6,0 бала ў 2006 годзе да 4,6 бала ў 2021 годзе і да 2,0 бала ў 2024 годзе, а з жыхарамі Расеі адпаведна 6,8, 3,5 і 1,4 бала», — паведамілі сацыёлягі.

Сацыялягічная служба Цэнтру Разумкова праводзіла апытаньні 6–12 чэрвеня 2024 году ў 20 абласьцях Украіны (за выключэньнем часова акупаваных тэрыторый), а таксама ў Кіеве, у межах Праграмы садзейнічаньня грамадзкай актыўнасьці «Далучайся!», якую фінансуе Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці (USAID).

У апытаньні ўдзельнічалі 2016 рэспандэнтаў ва ўзросьце ад 18 гадоў. Тэарэтычная хібнасьць выбаркі не перавышае 2,3%. Дадатковыя адхіленьні могуць быць абумоўленыя наступствамі расейскай агрэсіі, у прыватнасьці, вымушанай эвакуацыяй мільёнаў грамадзян.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG