Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады кажуць, што спрабавалі дапамагчы гандлёвай сетцы, якая сыходзіць з рынку Беларусі


Міністар антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі Аляксей Багданаў заявіў, што ягонае ведамства ў рамках кампэтэнцыяў спрабавала дапамагчы гандлёвай сетцы «Востраў чысьціні і смаку» пазьбегнуць банкруцтва, але ў МАРГ ня бачаць праблемы з сыходам сеткі зь беларускага рынку.

«Мы вялікіх праблемаў з банкруцтвам гэтай сеткі ня бачым, паколькі ўдзельнікаў на рынку з аналягічнымі таварамі дастаткова шмат, і яе ўжо актыўна перахапляюць іншыя ўдзельнікі рынку», — сказаў Багданаў на прэс-канфэрэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры, яго цытуе Reform.by.

Паводле яго, праблемы ў сеткі «Востраў чысьціні і смаку» ўзьніклі дастаткова даўно, і Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю «кантралявала працэс, калі даведалася».

«Усю гэтую справу ўзялі пад свой кантроль. Спрабавалі ўсімі сіламі дапамагчы ў рамках кампэтэнцыяў гэтай гандлёвай арганізацыі. Але тыя праблемы, той ком праблемаў, які ў іх сфармаваўся за апошнія пяць гадоў... Гэта не аднахвілінная праблема, гэтая праблема сьпела доўга. Усё ж не ўдалося яе вырашыць ніякімі інструмэнтамі, у тым ліку банкаўскімі крэдытамі і растэрміноўкамі плацяжоў па банках», — расказаў чыноўнік.

Ён сказаў, што «ня мае права агучваць» праблемы, якія ўзьніклі ў сеткі, але адзначыў, што яны сфармаваліся «з прычыны іх крышку няўдалых і фінансавых укладаньняў, і стратэгіі разьвіцьця бізнэсу (ён рос у іх вельмі хутка), і ня кожная кампанія пры такім вялікім росьце здольная з гэтым ростам справіцца».

Паводле Багданава, цяпер сетка «практычна ўжо ліквідаваная», але ён ня бачыць у гэтым праблемы, бо «іншыя іх канкурэнты актыўна закрываюць гэты сэгмэнт рынку».

  • Сетка крамаў «Востраў чысьціні і смаку» ўваходзіць у групу кампаній «Ромакс», якая працуе на беларускім рынку з 1998 году. Крамы «Востраў чысьціні» (ранейшая назва сеткі) пачалі працу ў Беларусі ў 2010 годзе з продажаў бытавой хіміі і гаспадарчых тавараў. Уладальнікі сеткі крамаў — сужэнцы Віктар і Аксана Рамукі. Галоўны бэнэфіцыяр групы кампаній «Ромакс» — Ёсіф Рамук, бацька Віктара Рамука.
  • У верасьні 2022 году сілавікі з Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў правялі ператрус у офісе кампаніі «Ромакс». Незалежныя тэлеграм-каналы пісалі, што ў менскім аэрапорце ў той жа дзень затрымалі заснавальніка групы кампаній Віктара Рамука з жонкай, але афіцыйнай інфармацыі пра гэта не было.
  • У лютым 2024 году заснавальнік групы кампаній «Ромакс» Віктар Рамук зьявіўся ў СМІ і заявіў рэсурсу Probusiness.io, што ён скарачае бізнэc.
  • Гандлёвая сетка «Востраў чысьціні і смаку» сёлета стабільна скарачалася. У траўні стала вядома, што некалькі юрыдычных асобаў, зьвязаных зь сеткай, ліквідуюцца. У ліпені адна з кампаніяў групы «Ромакс», у якую ўваходзіць сетка, падала заяву ў суд аб фінансавай неплатаздольнасьці.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG