У верасьні 2022 году сілавікі з Дэпартамэнту фінансавых расьледваньняў правялі ператрус у офісе кампаніі «Ромакс». Незалежныя тэлеграм-каналы пісалі, што ў менскім аэрапорце ў той жа дзень затрымалі заснавальніка групы кампаній Віктара Рамука з жонкай, але афіцыйнай інфармацыі аб гэтым не было. Цяпер заснавальнік групы кампаній «Ромакс» Віктар Рамук зьявіўся ў СМІ і заявіў рэсурсу Probusiness.io, што ён скарачае бізнэc.
«Мы аптымізуемся», — заявіў Рамук, дадаўшы, што крамы сеткі «Востраў чысьціні і здароўя» «часова зачыняюцца», калі яны знаходзяцца блізка адзін да аднаго.
Агулам сетка налічвала 600 крамаў, колькі будзе скарочана, ён не назваў.
Таксама ўладальнік прызнаў праблемы з асартымэнтам у крамах і заявіў, што гэта адбылося, бо пастаўшчыкі перавялі іх кампанію на перадаплату з прычыны даўгоў.
«Што тычыцца іншых бізнэсаў, хутчэй за ўсё, мы будзем перадаваць іх профільным партнэрам», — заявіў Рамук.
Дастаўку прадуктаў, якая набыла папулярнасьць у рэгіёнах у часы пандэміі, кампанія плянуе вярнуць, калі фінансавыя паказчыкі палепшацца.