У Менску падаражэюць аўтастаянкі
Дзяржаўнае аб’яднаньне «Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі» падвышае цэны на свае паслугі. Пра гэта аб’яднаньне паведаміла на сваім сайце.
Кошт захоўваньня транспартнага сродку масай да 3,5 тоны (легкавыя аўтамабілі) з 1 жніўня будзе складаць 49 рублёў. Раней было 46 рублёў.
Апошні раз тарыф павышаўся вясной 2023 году.
У распараджэньні ДА «Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі» ў Менску знаходзіцца 110 аўтастаянак, у тым ліку тры паркінгі.
Падключэньне электрычнасьці ў дамы, пацярпелыя ад стыхіі
Усе дамы павінны падключыць да электрычнасьці да 1 жніўня, а аблвыканкамы павінны прыцягнуць грамадзян да ўборкі захламленых тэрыторыяў, гаворыцца ў распараджэньні «аб ліквідацыі наступстваў небясьпечных мэтэаралягічных зьяваў», якое 23 ліпеня падпісаў Аляксандар Лукашэнка.
Згодна з распараджэньнем, Міністэрству энэргетыкі даручана:
- да 1 жніўня — падключыць да электразабесьпячэньня ўсе абясточаныя дамы,
- да 22 жніўня — падключыць да штатных ліній электраперадач населеныя пункты, дзе пакуль працуюць дызэль-генэратарныя ўстаноўкі,
- да 31 сьнежня — прааналізаваць стан электрычных сетак і падрыхтаваць прапановы аб павышэньні надзейнасьці электразабесьпячэньня.
Новыя правілы для беларускіх аўтаў у Літве
16 жніўня перастане дзейнічаць старое правіла, згодна зь якім заехаць на тэрыторыю Літвы на ўласным аўта зь беларускімі нумарамі можна, калі чалавек мае візу ці дазвол на жыхарства, а аўтамабіль толькі для ўласнага карыстаньня, а не для продажу.
Прынятая забарона ня тычыцца машын на дыпляматычных нумарах, транспартных сродкаў дыпляматычных прадстаўніцтваў, а таксама міжнародных арганізацый, якія маюць імунітэт згодна зь міжнародным правам.
Тым, хто мае машыну на беларускіх нумарах у Літве, трэба яе перарэгістраваць на літоўскія нумары ці вывезьці. На гэта адводзіцца 6 месяцаў. З 18 студзеня 2025 году знаходжаньне ў Літве машыны на беларускіх нумарах будзе лічыцца парушэньнем закону.
Новыя правілы выклікалі крытыку з боку беларусаў, якія лічаць гэта захадамі супраць звычайных людзей, а не рэжыму Лукашэнкі. Офіс Ціханоўскай заявіў, што правёў зь літоўскім бокам, а таксама з латвійскім і эстонскім, перамовы з просьбай пераглядзець заканадаўства. Аднак зьменаў не адбылося.
Мінус яшчэ адзін бескантактны сэрвіс
Пасьля рашэньня Google адключана абслугоўваньне службы Fitbit Pay. Ёю карысталіся ўладальнікі смарт-гадзіньнікаў гэтага вытворцы. У «Беларусбанку» заявілі, што такое рашэньне прынялі ўладальнікі службы.
Google адключыў службу ня толькі беларусам, але і ўсім карыстальнікам з 29 ліпеня. Справа ў тым, што кампанія прасоўвае свой сэрвіс Google Wallet, у рамках якога згортвае Fitbit Pay.
Разам з тым «Беларусбанк» надалей падтрымлівае працу шэрагу службаў бескантактных плацяжоў. Напрыклад, Apple Pay, Samsung Pay, Белкарт Pay, Swoo Pay, Xiaomi Pay, Garmin Pay і Huawei Pay.
Апэрацыя на польскай мяжы
1 жніўня польскія ўлады пачнуць апэрацыю «Бясьпечнае Падляшша». У яе залучаць каля 17 тысяч вайскоўцаў. Кіраваць апэрацыяй будзе 18-я мэханізаваная дывізія.
Па словах міністра абароны, рыхтаваць вайскоўцаў на мяжы накіравалі паліцэйскіх, у тым ліку тых, хто ўдзельнічаў у місіі ў Косаве.
У Польшчы таксама «станоўча» ацанілі стварэньне буфэрнай зоны на ўсходняй мяжы. Паводле польскіх урадоўцаў, колькасьць спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы зьменшылася ўдвая.
Захады «дэвалютызацыі эканомікі»
З 1 жніўня нарматыў адлічэньняў банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый у фонд абавязковых рэзэрваў ад прыцягнутых сродкаў у замежнай валюце павышаецца з 18% да 20%. Такія зьмены ўвёў Нацыянальны банк Беларусі, абвясьціўшы пра гэта ў сярэдзіне ліпеня.
Апошні раз гэты паказчык павышалі з 1 студзеня 2024 году — таксама на 2% (з 16% да 18%).
Яшчэ раней, з 17 ліпеня, Нацбанк з 10,5% да 11% гадавых павысіў стаўкі па крэдыце овэрнайт (крэдыт на адну ноч, якім можа скарыстацца юрыдычная асоба для атрыманьня дадатковага даходу або для кароткатэрміновай пазыкі).
Сыстэма дазволаў для беларусаў у Ізраілі
Грамадзяне Беларусі з 1 жніўня страцяць магчымасьць дармовай падачы заявы на права наведваньня Ізраілю. Такія новыя правілы ўвяла ізраільская дзяржава.
З 1 жніўня падача заяўкі будзе каштаваць 25 шэкеляў (6,20 эўра па сёньняшнім курсе), патлумачыла пасольства Беларусі ў Ізраілі. Такая інфармацыя ёсьць пакуль толькі на расейскамоўнай вэрсіі сайту.
Паводле інфармацыі Ўпраўленьня ў справах рэгістрацыі насельніцтва і іміграцыі Ізраілю, дазвол ETA-IL будзе дзейнічаць на працягу двух гадоў або да заканчэньня тэрміну дзеяньня пашпарта — у залежнасьці ад таго, што наступіць раней.
Сакратары ў справах «дармаедаў»
З 1 жніўня ўваходзяць у сілу новыя зьмены ў дэкрэце аб «дармаедзтве». Пашырыцца сьпіс абавязкаў сакратароў камісій па «дармаедах».
Са жніўня камісіі будуць рэгуляваць базу «ўтрыманцаў», а яшчэ — складаць сьпісы тых, хто трапіў у яе і павінен аплачваць ЖКП па поўных тарыфах.
Сакратары змогуць накіроўваць запыты розным арганізацыям у выпадку, калі спатрэбяцца дадатковыя зьвесткі. Яны ж будуць афармляць заявы людзей на выключэньне з базы.
Палёгка ў найме замежнікаў на працу
З 1 жніўня беларускія наймальнікі змогуць браць на працу замежнікаў на шэраг спэцыяльнасьцяў, нават калі іншаземцы ня маюць дазволу на сталае пражываньне ў Беларусі. Пералік рабочых прафэсій і пасад службоўцаў пашырыла Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Агулам у сьпісе 53 пункты: ад бэтоншчыкаў, жывёлаводаў і сьлесараў да лекараў-адмыслоўцаў і інжынэраў.
Новыя правілы экспарту з Грузіі
Грузія з 1 жніўня забараняе экспарт і рээкспарт амэрыканскіх аўтамабіляў у Беларусь і Расею. Пра рашэньне афіцыйнага Тбілісі пісаў Business Media.
Забарону на экспарт і рээкспарт для машын з Эўразьвязу ўвядуць 26 верасьня. Пра новаўвядзеньні расказалі ў падатковай службе грузінскага Мінфіну. Там дадалі, што цяперашнюю забарону ўвялі праз 11-ы пакет санкцый Эўразьвязу супраць Менску і Масквы.
У студзені-красавіку 2023 году Грузія на рээкспарце ў Беларусь легкавых аўтамабіляў зарабіла 1,6 млн даляраў.
Падвышэньне пэнсій і дапамогі на дзяцей
Зрэшты, такія зьмены адбываюцца амаль штомесяц. У Беларусі стабільная інфляцыя, бюджэт пражытковага мінімуму расьце (з 1 жніўня вырасьце на 3,4%), у адпаведнасьці з заканадаўствам дзяржава падвышае і пэнсіі, і дапамогу маладым сем’ям на дзяцей.
Пра зьмены паінфармавала Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
З асноўнага, што варта згадаць, — мінімальная пэнсія па ўзросьце (без уліку даплаты ў 20% ад сярэдняй зарплаты) вырасьце на 3,07 рубля — да 91,1 рубля. Сацыяльная пэнсія з 1 жніўня павялічыцца на 6,13 рубля — да 182,2 рубля.
Сацыяльныя пэнсіі атрымліваюць у тым ліку тыя, хто трапіў у так званую «пэнсійную пастку».
Варта ўспомніць, што ў Беларусі з 2013 году рэгулярна на паўгода павышаецца мінімальны страхавы стаж, неабходны для атрыманьня працоўнай пэнсіі. Да 2025 году ён вырасьце да 20 гадоў. Раней ён складаў пяць гадоў. Адпаведна, грамадзяне, якія згодна з новымі правіламі не выпрацавалі гэты стаж, трапляюць у пэнсійную пастку і ня могуць прэтэндаваць на працоўную пэнсію. Ім могуць прызначыць толькі сацыяльную.
Што тычыцца маладых сем’яў, то аднаразовая дапамога ў сувязі з нараджэньнем першага дзіцяці з 1 жніўня павялічыцца да 3644 рублёў (цяпер — 3521,3 рубля), а пры нараджэньні другога і наступных дзяцей — 5101,6 рубля (цяпер — 4929,82 рубля).
Аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасьці, вырасьце да 364,4 рубля (цяпер — 352,13 рубля).
Вырасьце і дапамога для дзяцей да 3 гадоў. На першае дзіця выплата складзе 777,81 рубля, на другога і наступных — 888,92 рубля, на дзіця-інваліда — 1000,04 рубля.
Форум