Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі паліцыі дазволілі высылаць замежнікаў і рэзка абмежавалі іх правы


Архіўнае ілюстрацыйнае фота
Архіўнае ілюстрацыйнае фота

Дзярждума Расеі прыняла адразу ў другім і трэцім чытаньнях пакет законаў, які ўзмацняе жорсткасьць кантролю ў сфэры міграцыі. У прыватнасьці, у Расеі ўводзіцца міграцыйны «рэжым высылкі» для замежнікаў, а паліцыя атрымлівае права прымаць рашэньне аб іх выдварэньні (раней такія рашэньні маглі прымаць толькі суды і памежная служба).

Адзін з прынятых Дзярждумай законапраектаў зьмяшчае пашыраны пералік прычын, па якіх замежніку могуць адмовіць ва ўезьдзе. Пры перасячэньні мяжы прыежджых абавяжуць праходзіць дактыляскапію і фатаграфавацца.

Удвая скарачаецца час знаходжаньня ў Расеі — знаходзіцца там грамадзяне іншых краін зараз змогуць ня больш за 90 дзён на год.

Акрамя таго, зьявіцца рэестар кантраляваных асобаў і ўводзіцца паняцьце «рэжым высылкі». У гэты рэестар трапяць замежнікі, якія ня маюць права знаходзіцца ў Расеі — напрыклад, калі ў іх скончылася рэгістрацыя.

Чалавек у рэжыме высылкі ня можа мяняць месца жыхарства, выяжджаць за межы рэгіёну, кіраваць транспартам, набываць маёмасьць і нават заключаць шлюб. Супрацоўнікі паліцыі змогуць запытваць аб іх інфармацыю, у тым ліку інфармацыю, якая складае банкаўскую, падатковую ці камэрцыйную таямніцу. Па іх месцы жыхарства паліцыя можа прыходзіць бяз ордэру. За імі дазволена сачыць з выкарыстаньнем сродкаў тэхнічнага кантролю бяз санкцыі суду. Усе гэтыя санкцыі могуць дзейнічаць нават на час, пакуль рэжым высылкі абскарджваецца ў судзе, вынікае з закону. Праваабаронцы кажуць, што фактычна гэты рэжым зробіць мігрантаў бяспраўнымі на тэрыторыі Расеі.

Таксама Дзярждума прыняла законапраект МУС Расеі аб выдварэньні мігрантаў яшчэ паводле 20 артыкулаў Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях, сярод іх:

  • непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню супрацоўніка паліцыі (артыкул 19.3 КаАП);
  • прадстаўленьне ілжывых зьвестак пры міграцыйным уліку (артыкул 19.27 КаАП);
  • дробнае хуліганства (артыкул 20.1 КаАП);
  • прапаганда або публічная дэманстрацыя нацысцкай або экстрэмісцкай сымболікі (артыкул 20.3 КаАП);
  • стральба са зброі ў адведзеных для гэтага месцах з парушэньнем устаноўленых правілаў або ў не адведзеных для гэтага месцах (артыкул 20.13 КаАП) і іншыя.

Паводле сьпікера Дзярждумы РФ Вячаслава Валодзіна, цяпер на разглядзе ў дэпутатаў знаходзяцца 25 «міграцыйных» законапраектаў. «Яшчэ шэраг ініцыятываў, у тым ліку аб узмацненьні жорсткасьці крымінальнай адказнасьці за арганізацыю незаконнай міграцыі, рыхтуюцца да ўнясеньня», — сказаў ён.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG