Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускіх весьляроў на Алімпіядзе пакуль няма на чым плаваць, лодкі не прапусьцілі праз санкцыі


Ілюстарцыйнае фота
Ілюстарцыйнае фота

Беларускія весьляры акадэмічнага стылю ўжо дабраліся да Парыжа разам з трэнэрамі, але празь межы не пусьцілі іхны спартовы інвэнтар.

Цяпер яны шукаюць варыянты арэнды лодак, паведаміў спартовы тэлеканал «Беларусь-5».

Алімпійскія гульні ў Парыжы стартуюць ужо 26 ліпеня. Першыя беларускія спартоўцы. якія выступаюць у нэўтральным стіатусе, ужо дабраліся да алімпійскай вёскі — весьляры-акадэмісты Яўген Залаты і Тацяна Клімовіч ужо ў суботу пачнуць кваліфікацыйныя заезды. Спартоўцы вылецелі ў Парыж 21 ліпеня з трэнэрамі ў акадэмічным веславаньні. Але лодкі весьляроў не даехалі ў Парыж.

«Мы паспрабавалі правезьці лодкі ў Парыж, але ў Эўрапейскім зьвязе стаіць забарона на ўвоз лодак, таму нас разьвярнулі. Цяпер прапрацоўваецца пытаньне, каб арандаваць інвэнтар. Натуральна, гэта зьяўляецца праблемай, калі ты рыхтуесься на сваёй лодцы, а давядзецца сесьці на новую. Гэта ня горшыя ўмовы, таму што лодкі будуць новыя, але ўсім спартоўцам давядзецца максымальна хутка адаптавацца пад новы інвэнтар», — распавяла тэлеканалу старшы трэнэр зборнай Беларусі ў акадэмічным веславаньні Юлія Бічык.

Зь Беларусі на Алімпіяду паедуць агулам 17 спартоўцаў, яны будуць выступаць як індывідуальныя нэўтральныя спартоўцы ў 9 відах спорту, без выкарыстаньня дзяржаўнай сымболікі.

Удзел беларусаў у Алімпіядзе

  • Спартоўцы зь Беларусі атрымалі каля 30 алімпійскіх ліцэнзій. У выпадку допуску да ўдзелу яны будуць выступаць на Алімпійскіх гульнях у нэўтральным статусе: ня будзе падымацца дзяржаўны сьцяг і выконвацца гімн. Гэта абумоўлена саўдзелам беларускіх уладаў у агрэсіі Расеі супраць Украіны.
  • У сьнежні 2023 году МАК пастанавіў, што атлеты зь Беларусі і Расеі, якія выступаюць у індывідуальных відах спорту, змогуць удзельнічаць у Гульнях у Парыжы 2024 году ў нэўтральным статусе. Гэта азначае, што такія спартоўцы будуць выступаць пад алімпійскім, а не дзяржаўным сьцягам, і ў выпадку іх перамогі гімн ня будзе гучаць. Міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба раней заклікаў усіх партнэраў рашуча асудзіць такое рашэньне МАК.
  • У сакавіку СМІ са спасылкай на віцэ-прэзыдэнта МАК Джона Коўтса паведамлялі, што агульная колькасьць расейскіх спартоўцаў на летніх Алімпійскіх гульнях у Парыжы сёлета можа скласьці каля 40 чалавек.
  • Нядаўна стала вядома, што арганізатары Алімпіяды масава адмаўляюць беларускім і расейскім валянтэрам, якія падалі заяўкі на працу на Алімпіядзе.
  • Алімпіяда-2024 пройдзе ў Парыжы з 26 ліпеня па 11 жніўня. Паралімпіяда пачнецца 28 жніўня і завершыцца 8 верасьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG