14 ліпеня на Гомельшчыну абрынуўся ўраган. Парывы ветру дасягалі 29 мэтраў за сэкунду. Ён выварочваў дрэвы, скідаў дахі з прыватных дамоў. 15-хвілінны разгул стыхіі давёў да таго, што гарады і вёскі засталіся безь сьвятла, вады, сувязі. Наступствы ў рэгіёне ліквідоўваюць дагэтуль.
Адключэньні электраэнэргіі
Жыхарка Калінкавічаў Натальля (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы) кажа, што па стане на 22 ліпеня горад «прыходзіць да прытомнасьці». Паводле суразмоўцы, праца ў ліквідацыі наступстваў стыхіі кіпіць паўсюль дзень і ноч. І службы, і людзі пілуюць дрэвы, прыбіраюць буралом. Натальля кажа, што ў канцы мінулага тыдня запрацавалі прадпрыемствы — мясны, малочны, хлебны камбінаты.
«Я езьдзіла ў сваю вёску, там было так, што вады, сьвятла не было. Калёнкі людзям даўно заварылі, таму проста не было дзе ўзяць вады. Шкада было старых, інвалідаў, якія сядзелі безь нічога і не разумелі, калі што будзе, бо сувязі не было, у інтэрнэце яны не разьбіраюцца. Добра, што людзі дапамагалі адзін аднаму. Сацыяльныя службы нават не пацікавіліся, ці жывыя людзі з інваліднасьцю, у чым маюць патрэбу», — расказвае жыхарка Калінкавічаў.
Па словах жанчыны, ускладняла сытуацыю сьпёка. Увесь тыдзень пасьля ўрагану стаяла гарачае надвор’е.
«Я завезла прадукты ў вёску, але пры такой гарачыні безь лядоўні яны папсаваліся. Вясковая крама не працавала, ды і не было там ані малака, ані хлеба», — дадала Натальля.
Яна кажа, што цяпер у горадзе замяняюць слупы электрычнай сеткі, таму энэргію пэрыядычна адключаюць. Тое ж будзе, калі дабяруцца і да вёсак. У некаторых зь іх электрычнасьць зьявілася толькі ў суботу.
Натальля дадала, што ў гарадах, суседніх Калінкавічах і Мазыры, гадамі не вырашаецца праблема з грамадзкімі прыбіральнямі. Іх практычна няма — апроч вакзалаў і цэнтраў гарадоў.
«І тут, у разгар катастрофы, я так скажу, ніхто не дадумаўся паставіць для людзей біяпрыбіральні. У выніку людзі прыстасоўваліся, карысталіся вёдрамі, пакетамі — а што зробіш? Пасьля такі смурод стаяў у дварах», — кажа жыхарка райцэнтру.
Улады прызнаюць, што на тое, каб цалкам аднавіць электрычныя сеткі ў Гомельшчыне, спатрэбіцца ня менш за месяц. Увесь гэты час у вёсках, як абяцаюць улады, будуць працаваць генэратары.
Без папярэджаньня і інфармацыі
Жыхар Мазыра Міхаіл (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы) наракае, што ні ўлады, ні спэцыяльныя службы ніяк не папярэдзілі людзей пра ўраган.
«Прыйшло SMS ад МНС, што будзе дождж і навальніца. На гэтым усё. Калі зьнікла вада, сьвятло, інтэрнэт — адкуль людзі маглі ведаць элемэнтарнае? Напрыклад, дзе набраць вады? Мясцовае радыё шыпела, хрыпела і казала пра тое, што месцы, дзе стаяць бочкі з вадой, можна паглядзець у тэлеграм-канале. Як, калі няма інтэрнэту? Сьмеху варта. Але тады было не да сьмеху», — кажа Міхаіл.
Суразмоўца дадае, што грамадзянская абарона мусіла бы заняцца інфармаваньнем людзей у такі няпросты час. «Бо гэта іхны абавязак. Хай бы адправілі які аўтамабіль з рупарам, хоць мінімум інфармацыі далі», — наракае Міхаіл.
Ён таксама кажа, што людзей ратавала «сарафаннае радыё» і іншыя людзі, якія добраахвотна прывозілі ваду, давалі зарадзіць тэлефоны. Міхаіл зазначае, што мусіць быць нейкае апавяшчэньне людзей, ня толькі праз інтэрнэт, ды і многія пэнсіянэры не карыстаюцца інтэрнэтам.
«Прапанова ад уладаў уключаць сырэны — такое сабе. Верашчыць сырэна — куды бегчы? У падвал хавацца ад ракет ці гэта ўраган пачаўся?», — лічыць жыхар Мазыра.
Ён кажа, што, магчыма, FM-радыё на батарэйках было б эфэктыўным для такіх надзвычайных выпадкаў.
Прыём грамадзян ад Русага
Праз тыдзень пасьля ўрагану Мазыр наведаў член Савету Рэспублікі Міхаіл Русы. Ён правёў тут прыём грамадзян. Пазьней у мясцовых суполках людзі наракалі, што праз адсутнасьць анонсу і інтэрнэту ня ведалі пра ягоны візыт. Мясцовая тэлевізія «Мазыр» паказала пра падзею сюжэт. Яго аўтарка расказала, што на прыём да Русага запісаліся 9 чалавек, у тым ліку жыхары Бабруйску і Пінску.
«Тэмы зваротаў былі — стасункі паміж людзьмі, пытаньні карыстаньня зямлёй , працы праваахоўнага блёку і нязгода з судовымі рашэньнямі», — патлумачыла аўтарка сюжэту.
Пра ўраган і ліквідацыю яго наступстваў там не згадвалася. Рэакцыю высокага чыноўніка на падзею апублікавала газэта «СБ. Беларусь сегодня».
«Я быў у Мазыры, праводзіў прыём грамадзян. Думаў, што пасьля таго, што адбылося, прыйдзе шмат людзей з пытаньнямі. А людзі прыйшлі і сказалі: перадайце кіраўніку дзяржавы вялікі дзякуй за тое, што так апэратыўна, якасна спрацавалі па шпіталях і ўключылі генэратары», — перадае дзяржаўнае выданьне.
«Ніхто зь мясцовых ня ведаў пра ягоны прыём грамадзян. І не было ніякай апэратыўнасьці і якасьці ў працы шпіталя. У шпіталі працавалі ад генэратара толькі рэанімацыя і апэрацыйны блёк. Хворых, каго маглі, перавялі ў Гомель. Нельга было прыгатаваць ежу для хворых», — расказалі Свабодзе мясцовыя жыхары.
Па інфармацыі МНС, 13-14 ліпеня ад стыхіі ў Беларусі пацярпелі больш за 2,7 тысячы населеных пунктаў. Зь іх 2272 — у Гомельскай вобласьці. Пашкоджаныя дахі амаль 6125 дамоў. Электразабесьпячэньне адноўленае. Для гэтага ў Гомельскай вобласьці задзейнічалі 121 генэратар. На думку беларускіх навукоўцаў, у Беларусі з часам можа быць усё больш ураганаў.
Форум