«У 23:48 засілкаваныя спажыўцы апошняй вёскі, дзе ліквідоўваліся тэхналягічныя парушэньні, Старой Рудні. Аднаўленчыя работы ў сетцы 0,4 кВ выконваліся па заяўках насельніцтва, у тым ліку ў малых, аддаленых населеных пунктах рэгіёну». Пра ліквідацыю ўсіх праблем паведаміў афіцыйны канал Міністэрства энэргетыкі.
Аварыйныя брыгады з усіх абласьцей Беларусі працавалі з заяўкамі 24/7: прыбіралі дрэвы і галіны з правадоў, устаранялі іх абрывы, замянялі апоры ліній электраперадачы.
Цяпер энэргетыкі працягваюць работы ў пераводзе населеных пунктаў, засілкаваных ад дызэль-генэратараў, у штатны рэжым электразабесьпячэньня. Уначы ў гэтых работах задзейнічалі 131 брыгаду і 225 адзінак тэхнікі.
Напярэдадні Міністэрства энэргетыкі паведамляла пра тое, што без электрычнасьці заставаліся 122 населеныя пункты.
Кляса напружаньня электрычнай сеткі 0,4 кВ — асноўны эўрапейскі стандарт. Ураганы, якія пракаціліся па Беларусі ў ліпені, пакінулі сотні населеных пунктаў краіны з разбурэньнямі, без вады і сьвятла. Аднаўленьне ў некаторых мясьцінах зацягнулася.
Ад стыхіі ў Беларусі загінулі 6 чалавек. Горад Мазыр на некалькі дзён застаўся адрэзаным ад цывілізацыі. Людзі арганізавалі самапомач з падвозам вады і магчымасьцю карыстацца токам, перш чым у сытуацыі зарыентаваліся ўлады рэгіёну і краіны.
Форум