Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі павіншаваў Трампа па тэлефоне і пагадзіўся на «асабістую сустрэчу»


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Уладзімір Зяленскі і Дональд Трамп падчас сустрэчы ў верасьні 2019 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Уладзімір Зяленскі і Дональд Трамп падчас сустрэчы ў верасьні 2019 году

Прэзыдэнт Ўкраіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што размаўляў з кандыдатам у прэзыдэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Дональдам Трампам і пагадзіўся на асабістую сустрэчу зь ім для абмеркаваньня крокаў да трывалага міру з Расеяй. Трамп таксама напісаў пра размову ў сацсетках.

«Я размаўляў з Дональдам Трампам, каб павіншаваць яго з вылучэньнем ад рэспубліканскай партыі і асудзіць шакуючую спробу забойства ў Пэнсільваніі. Я пажадаў яму сіл і абсалютнай бясьпекі ў будучыні», — напісаў Зяленскі ў сацыяльнай сетцы X, маючы на ўвазе страляніну 13 ліпеня на мітынгу Трампа, у выніку якой той атрымаў лёгкія раненьні.

Таксама Зяленскі заявіў, што пагадзіўся абмеркаваць з Трампам «на асабістай сустрэчы, якія крокі могуць зрабіць мір справядлівым і па-сапраўднаму трывалым», не ўдакладніўшы ніякіх падрабязнасьцяў аб тым, калі і дзе адбудзецца такая сустрэча.

Паводле Зяленскага, у размове з Трампам ён таксама адзначыў «жыцьцёва важную двухпартыйную і двухпалатную падтрымку абароны свабоды і незалежнасьці Ўкраіны з боку ЗША».

Трамп у паведамленьні на Truth Social назваў размову зь Зяленскім «вельмі добрай», зноў паабяцаўшы «прынесьці мір ва ўсім сьвеце і пакласьці канец вайне, якая забрала столькі жыцьцяў» праз перамовы — у выпадку, калі ён стане прэзыдэнтам ЗША.

«Абодва бакі змогуць сабрацца разам і дамовіцца аб пагадненьні, якое пакладзе канец гвалту і пракладзе шлях наперад да росквіту», — заявіў Трамп.

Выбары прэзыдэнта ЗША адбудуцца 5 лістапада 2024 году. Зяленскі размаўляў з Трампам 19 ліпеня, на наступны дзень пасьля таго, як былы прэзыдэнт ЗША і зноў кандыдат ад рэспубліканскай партыі прыняў кандыдатуру сваёй партыі. Шанцы Трампа на перамогу на выбарах у лістападзе 2024 году палепшыліся пасьля дэбатаў з 81-гадовым дзейным прэзыдэнтам Джо Байдэнам у мінулым месяцы, якія выклікалі пытаньні пра яго фізычны і псыхічны стан.

Поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, у выніку якога загінулі дзясяткі тысяч чалавек з абодвух бакоў, працягваецца ўжо 29-ы месяц. Цяпер Расея акупуе каля 17 працэнтаў тэрыторыі Ўкраіны.

Трамп раней выказваў захапленьне аўтарытарным прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, назваў тактыку крамлёўскага лідэра перад уварваньнем «геніяльнай» і неаднаразова крытыкаваў эўрапейскіх саюзьнікаў па NATO за тое, што яны не выдаткоўваюць больш сродкаў на калектыўную абарону.

Заканадаўцы-рэспубліканцы ў Палаце прадстаўнікоў ЗША, шчыльна зьвязаныя з Трампам, на некалькі месяцаў заблякавалі прапанаваны Байдэнам пакет дапамогі Ўкраіне на суму 61 мільярд даляраў, у выніку чаго ўкраінскім сілам не хапіла боепрыпасаў і супрацьпаветранай абароны. На думку экспэртаў, недахоп боепрыпасаў ва Ўкраіны спрыяў тэрытарыяльным заваяваньням Расеі ў гэтым годзе.

Трамп ня выказаў яснага меркаваньня пра будучую падтрымку Ўкраіны, хоць на гэтым тыдні ён абраў сэнатара ад штату Агаё Джэя Дэйвіда Вэнса, заўзятага суперніка дапамогі Кіеву, сваім кандыдатам на пасаду віцэ-прэзыдэнта. 39-гадовы сэнатар заявіў, што ў Злучаных Штатаў няма ваеннага патэнцыялу для падтрымкі Тайваня, Ізраіля і Ўкраіны, і ім трэба аддаць прыярытэт першым двум.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG