Тайлянд пачаў выдаваць беларусам візы па прыбыцьці
Гэта турыстычныя аднаразовыя візы на тэрмін да 15 дзён. Іх выдаюць у міграцыйных пунктах, калі чалавек ужо прыбыў у Тайлянд. Каштуюць такія візы каля 55 даляраў, паведамляе МЗС Тайлянду.
Каб атрымаць такую візу, трэба мець пашпарт з тэрмінам дзеяньня ня менш за 30 дзён, фатаздымак, зваротны білет, мець на рахунку сама меней каля 300 даляраў і зарэзэрваванае жытло ў Тайляндзе. Новы закон увялі 15 ліпеня для 31 краіны, сярод якіх ёсьць Беларусь.
Пасьля ўрагану выратавалі буслоў
Ураган, які прайшоў па Беларусі на мінулых выходных, зьнішчыў таксама гнёзды буслоў. Парывы ветру скідалі іх на зямлю разам з птушанятамі, якія ня ўмелі лятаць. Людзі сталі ратаваць пацярпелых птушак.
У Століне адна з бусьлянак нахілілася на старым драўляным слупе і паступова спаўзала на зямлю, расказалі ў «Брэстэнэрга». Энэргетыкі пракансультаваліся з эколягамі і ўсталявалі побач на жалезабэтоннай апоры спэцыяльную плятформу, каб перамясьціць туды гняздо. Праца заняла некалькі гадзін, буслоў перасялілі.
«У Лапаціне (Пінскі раён. — РС) гнёзды проста разьдзьмула ветрам. На зямлі засталіся асобныя фрагмэнты. Птушаняты, якія ня ўмелі лятаць, разгублена блукалі па вуліцы», — расказалі ў ведамстве.
Калі энэргетыкі аднавілі зламаныя апоры і абарваныя правады, то ўсталявалі трывалыя канструкцыі, у якіх буслы маглі аднавіць сваё патрапанае ветрам жытло. Такім чынам гнёзды ня будуць перашкаджаць працы лініі электраперадачы.
Беларус апублікаваў відэа, як ён з паплечнікамі вязуць некалькі буслоў у салёне аўтамабіля ў вэтэрынарную клініку.
«Луч» перавыпусьціў калекцыю гадзіньнікаў з дыялектнымі словамі
«Кропкі часу» — лімітаваная калекцыя да Дня пісьменства. Яна складаецца з трох мадэляў гадзіньнікаў і будзільнікаў. Яе прэзэнтавалі ў мінулым верасьні.
На шкле напісаныя дыялектныя словы з розных рэгіёнаў, якія значаць адно. Да прыкладу, гаварыць — жупіць, балакаць, гукаць, гаманіць. На падстрэлку гадзіньніка накрэсьленыя абрысы Беларусі. Стрэлка злучаецца з кропкай на цыфэрбляце ў выглядзе літары «і».
Зьявілася новая краўдфандынгавая плятформа
Gronka будзе падтрымліваць культурніцкія, адукацыйныя, тэхналягічныя праекты, прадпрымальнікаў і творцаў, у тым ліку ўнутры Беларусі.
Стварыць такую плятформу вырашылі, бо прыходзіла шмат запытаў ад творцаў, якія не зусім падпадалі пад фармат падтрымкі праз існыя фонды, патлумачыў стваральнік «Гронкі» Павал Лібер. Пасьля таго, як у 2020 годзе ўлады закрылі плятформы падтрымкі творцаў MolaMola і Ulej, аналягаў іх у беларусаў не было. Плацяжоў зь Беларусі новая плятформа прымаць ня будзе.
«Гронку» стварылі пераважна ананімныя энтузіясты. Яны працуюць як валянтэры. Плятформа не бярэ сабе камісіі з ахвяраваньняў.
На плятформе ўжо ёсьць пяць праектаў: выданьне кнігі беларускіх калыханак, падкаст пра космас, новая кніга Аляксандра Чарнухі, інтэрактыўная мапа з 3D-мадэлямі гістарычных помнікаў Беларусі, пераклад раману «Граф Монтэ-Крыста» на беларускую мову.
У Менску ў сьпёку раздавалі марозіва
Акцыю арганізавалі тыктокеры. Пачкі марозіва раздавалі людзям на вуліцах Менску, дворнікам, кіроўцам аўтобусаў, трамваяў, маршрутак. Відэа «Выратуем менчукоў ад сьпёкі» апублікаваў паблік пра Менск obzoor.by.
«Пакаленьне нашых дзяцей перастройвае мэнталітэт нашага народу. І гэта радуе», «Вы ўзьнялі мне настрой! Я зразумела, што наша будучая моладзь небезнадзейная! І гэта радуе», «Якое хараство, вы малайцы, павага вам, усім бы такімі быць», «Авой! Вы цудоўныя!», — такія камэнтары пакінулі інтэрнэт-карыстальнікі пад відэа.
Форум