Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская сустрэлася з кіраўнікамі Вугоршчыны і Сэрбіі, якія падтрымліваюць кантакты з афіцыйным Менскам


Сьвятлана Ціханоўская правяла перамовы з прэм’ер-міністрам Вугоршчыны Віктарам Орбанам. Лёндан, 18 ліпеня 2024
Сьвятлана Ціханоўская правяла перамовы з прэм’ер-міністрам Вугоршчыны Віктарам Орбанам. Лёндан, 18 ліпеня 2024

Беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская правяла перамовы з прэм’ер-міністрам Вугоршчыны Віктарам Орбанам і прэзыдэнтам Сэрбіі Аляксандрам Вучычам.

Сустрэчы прайшлі на палях саміту Эўрапейскай палітычнай супольнасьці ў Вялікай Брытаніі 18 ліпеня.

Дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка пацьвердзіў «Позірку» факт перамоваў, але ня стаў раскрываць падрабязнасьцяў.

Вугоршчына застаецца адзінай краінай Эўразьвязу, якая падтрымлівае публічныя кантакты з афіцыйным Менскам. Як сябра ЭЗ яна была вымушана далучыцца да санкцыяў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, але прадстаўнікі вугорскіх уладаў ня раз заяўлялі, што не падтрымліваюць іх увядзеньне. Міністар замежных справаў і замежнага гандлю Вугоршчыны Пэтэр Сіярта наведаў Менск з рабочым візытам у траўні 2024 году.

5 чэрвеня 2020 году адбыўся першы ў гісторыі афіцыйны візыт прэмʼер-міністра Віктара Орбана ў Беларусь.

У канцы верасьня мінулага года Лукашэнка прыняў даверчыя лісты ад новай амбасадаркі Вугоршчыны ў Беларусі Зіты Ілоны Бенчык. Такім чынам, Вугоршчына — адзіная краіна ЭЗ, амбасадар якой уручыў граматы Лукашэнку пасьля падзеяў 2020 году.

26 кастрычніка 2023 году Сіярта пабываў у Менску на канфэрэнцыі «Эўразійская бясьпека: рэальнасьць і пэрспэктывы ў сьвеце, які трансфармуецца».

Ціханоўская 17 студзеня сёлета ў Давосе (Швайцарыя) абмеркавала з прэзыдэнтам Вугоршчыны Каталінай Новак (пайшла ў адстаўку ў лютым 2024-га) міжнародную падтрымку Беларусі і папрасіла яе прытрымлівацца сумеснай палітыкі Эўразьвязу ў дачыненьні да Менску.

Вугоршчына — адзіная краіна ЭЗ, у якую яшчэ не рабіла візыту Ціханоўская.

З 1 ліпеня 2024 году Вугоршчына ў парадку чарговасьці старшынюе ў Радзе Эўрапейскага зьвязу.

Сэрбія кандыдуе на ўступленьне ў Эўразвяз.

У 2021 годзе Бялград далучыўся да санкцый ЭЗ супраць Менску, пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну падтрымала наступныя пакеты абмежаваньняў. У канцы студзеня 2022 году беларускі ўрад распаўсюдзіў на Сэрбію прадуктовае эмбарга, уведзенае ў адказ на санкцыі. Яно падоўжана да канца 2024 году.

Пры гэтым Сэрбія 25 кастрычніка 2019 году падпісала пагадненьне аб зоне свабоднага гандлю з Эўразійскім эканамічным саюзам, у які ўваходзіць Беларусь. Дакумэнт набыў моц 10 ліпеня 2021 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG