Сьвятлана Ціханоўская падзякавала Латвіі за салідарнасьць і падтрымку беларусаў на міжнароднай арэне. Пры гэтым яна выказала заклапочанасьць у сувязі з апошнімі рашэньнямі балтыйскіх краінаў абмежаваць уезд аўтамабілям на беларускіх нумарах.
Паводле Сьвятланы Ціханоўскай, гэтае абмежаваньне б’е найперш па беларусах, а не па рэжыме. Яна заклікала латвійскую прэм’ерку зрабіць паслабленьні для фізычных асобаў, перадае прэсавая служба Ціханоўскай.
«Мы разумеем, што гэтае абмежаваньне ўведзена ў адпаведнасьці з інструкцыямі Эўразьвязу, і разумеем, што абмежаваньні ўведзеныя дзеля бясьпекі, а таксама дзеля неабходнасьці закрыць пралазы, але канкрэтна гэтае абмежаваньне не вырашае ні той, ні другой праблемы. Гэтае рашэньне пасьпешлівае. Таму мы просім Латвію і іншыя краіны ЭЗ разгледзець шырокія выключэньні. Разам з тым важна, што пасажырскі аўтобусны рух захаваецца», — адзначыла Ціханоўская пасьля сустрэчы.
Таксама пытаньне абмежаваньняў Ціханоўская ўздымала ў размове з польскім прэм’ерам Дональдам Тускам, прэзыдэнтам Літвы Гітанасам Наўседам, а таксама кіраўніком зьнешняй палітыкі Эўразьвязу Жузэпам Бурэлем.
Сярод тэмаў сваіх выступаў і перамоў на форуме ў Лёндане Ціханоўская назвала таксама вызваленьне беларускіх палітвязьняў, падтрымку нядаўна створанага Міжнароднага гуманітарнага фонду, падтрымку эўрапейскай будучыні Беларусі, дапамогу беларусам у выгнаньні, асабліва зь легалізацыяй, «выцягваньне» Беларусі з вайны.
Сярод іншага Сьвятлана Ціханоўская падчас размовы з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам гаварыла пра лёс беларускіх палітвязьняў і папрасіла прэзыдэнта асабіста зьвярнуць увагу на праблему, паколькі сытуацыя становіцца крытычнай, паспрыяць вызваленьню палітвязьняў, асабліва тых, хто ў цяжкім стане.
- Эўрапейская палітычная супольнасьць была створаная з ініцыятывы Эманюэля Макрона празь некалькі месяцаў пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне як міжурадавая арганізацыя для палітычных і стратэгічных дыскусій пра будучыню Эўропы.
- У яе ўваходзяць 27 дзяржаў Эўразьвязу і 20 іншых краін, ад Альбаніі да Ўкраіны.
- На форуме ў Лёндане сабраліся кіраўнікі 46 краін, сярод якіх прэзыдэнты Францыі — Эманюэль Макрон, Украіны — Уладзімір Зяленскі, прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск, канцлер ФРГ Оляф Шольц і многія іншыя.
Форум