Расея прысудзіла амэрыканскаму журналісту Эвану Гершковічу 16 гадоў зьняволеньня на судовым працэсе аб шпіянажы. Гэты суд шмат хто разглядае як палітычна матываваны, паведаміла агенцтва AP.
Справу журналіста амэрыканскага выданьня The Wall Street Journal Эвана Гершковіча разглядаў у закрытым рэжыме Сьвярдлоўскі абласны суд Расеі.
Судовае сьледзтва цягнулася ўсяго два дні. 18 ліпеня, пэўна, дапыталі дэпутата са Сьвярдлоўскай вобласьці ад «Адзінай Расеі» Вячаслава Вегнера. Яго бачылі, калі ён выходзіў з залі судовага паседжаньня.
Вегнер расказваў, што Гершковіч браў у яго інтэрвію: пытаўся пра стаўленьне людзей да ПВК «Вагнэр», падтрымку насельніцтва і працу прамысловых прадпрыемстваў. Каго яшчэ дапытвалі ў справе журналіста, невядома.
У выніку дзяржаўнае абвінавачваньне запрасіла для Гершковіча 18 гадоў калёніі строгага рэжыму ў справе аб шпіянажы (артыкул 276 КК). Віны ён не прызнаў.
Эвана Гершковіча затрымалі ў Екацярынбургу летась 30 сакавіка. Паводле вэрсіі сьледзтва, журналіст нібыта «на заданьне ЦРУ» зьбіраў у Сьвярдлоўскай вобласьці сакрэтную інфармацыю пра дзейнасьць прадпрыемства «НПК „Уралвагонзавод“», якое выпускае і рамантуе вайсковую тэхніку.
«Незаконныя дзеяньні зьдзяйсьняліся Гершковічам з выкананьнем пільных захадаў кансьпірацыі», — сьцьвярджаюць у ведамстве. Па артыкуле аб шпіянажы яму пагражала ад 12 да 20 гадоў пазбаўленьня волі.
Кіраўніцтва ЗША і The Wall Street Journal катэгарычна абвяргаюць абвінавачаньні, заяўляюць, што журналіст невінаваты, і заклікаюць неадкладнага яго вызваліць. У красавіку мінулага году Дзярждэпартамэнт ЗША абвясьціў Гершковіча «неправамерна затрыманым», што дае падставу ведамству дзейнічаць у інтарэсах вызваленьня грамадзяніна Злучаных Штатаў.
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн у канцы красавіка заклікаў Пуціна вызваліць Гершковіча і арыштаваную ў Расеі журналістку татарска-башкірскай службы Радыё Свабода Алсу Курмашаву.
«Журналістыка — дакладна зусім не злачынства», — падкрэсьліў ён.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падчас прэс-канфэрэнцыі ў сьнежні мінулага году ня выключыў абмену Гершковіча.
Эван Гершковіч каля шасьці гадоў жыў у Маскве, асьвятляючы падзеі ў Расеі і Ўкраіне для амэрыканскай газеты The Wall Street Journal. Раней ён працаваў у Agency France-Presse, The Moscow Times і The New York Times. Апошні артыкул за аўтарствам Гершковіча The Wall Street Journal апублікавала 28 сакавіка 2023 году.
Форум