Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латвія з 16 ліпеня перастане прапускаць аўтамабілі зь беларускай рэгістрацыяй


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У адпаведнасьці з заканадаўствам Эўрапейскага зьвязу і тлумачэньнямі Эўракамісіі, Падатковая служба Латвіі паведаміла, што з 16 ліпеня забаронены праезд асобам з зарэгістраванымі ў Рэспубліцы Беларусь транспартнымі сродкамі — легкавымі аўтамабілямі.

Забарона распаўсюджваецца на ўезд у Эўразьвяз праз латвійска-беларускія і латвійска-расейскія памежныя пункты.

У мэтах зьніжэньня рызык абыходу санкцый Эўразьвяз, зацьвердзіўшы 8-ы пакет санкцый супраць Беларусі, у значнай ступені зраўняў санкцыі, уведзеныя ў дачыненьні Беларусі, з санкцыямі, уведзенымі супраць Расеі, адзначае служба на сваім сайце.

Цяпер забаронены імпарт зь Беларусі такіх тавараў, якія дазваляюць Беларусі дывэрсыфікаваць крыніцы даходу, што дазваляе ёй удзельнічаць у расейскай агрэсіі супраць Украіны, калі гэтыя тавары паходзяць зь Беларусі або калі яны экспартуюцца зь Беларусі. У дадатак таксама ўваходзяць легкавыя аўтамабілі.

У мэтах забесьпячэньня выкананьня санкцый ЭЗ з 16 ліпеня 2024 году забаронены ўезд на тэрыторыю Латвійскай Рэспублікі асобам на транспартных сродках, зарэгістраваных у Рэспубліцы Беларусь. Забарона на ўезд ня будзе распаўсюджвацца на транспартныя сродкі, прызначаныя для выкарыстаньня ў руху дыпляматычных і консульскіх прадстаўніцтваў.

Іншыя асобы, якія едуць на транспартным сродку, зарэгістраваным у Беларусі, ня змогуць уехаць на ім у ЭЗ, перасякаючы дзяржаўную мяжу Латвійскай Рэспублікі. Чалавек з транспартным сродкам, зарэгістраваным у Беларусі, павінен будзе вярнуцца з памежнага пункту ў тую краіну, зь якой ён плянаваў уехаць у Латвію.

У выпадку адмовы асобы выконваць прадпісаньні мытнага органу, у тым ліку пры вяртаньні ў Беларусь ці Расею, можа быць прынята рашэньне аб канфіскацыі транспартнага сродку ў адпаведнасьці з нарматыўнымі актамі мытнай сфэры.

Асобам дазволяць вяртацца з ЭЗ у Беларусь на легкавых транспартных сродках, зарэгістраваных у Беларусі, калі яны не задэкляраваныя як тавар і выкарыстоўваюцца толькі як транспартны сродак.

Любой аўтатранспартнай кампаніі, створанай у Беларусі, забаронена ажыцьцяўляць аўтамабільныя перавозкі грузаў, у тым ліку транзытныя, па тэрыторыі Эўразьвязу. З 1 ліпеня 2024 году таксама дзейнічае забарона на перавозкі грузаў па тэрыторыі Эўразьвязу, якія ажыцьцяўляюцца аўтатранспартнымі кампаніямі з выкарыстаньнем прычэпаў або паўпрычэпаў, зарэгістраваных у Беларусі, у тым ліку калі цягачы гэтых прычэпаў або паўпрычэпаў зарэгістраваныя ў іншых краінах.

У Саэйме Латвіі такое рашэньне не прайшло

2 лістапада 2023 года Саэйма (парлямэнт) Латвіі прыняла папраўкі да закону аб дарожным руху, якія абавязвалі уладальнікаў аўтамабіляў з расейскімі нумарамі перарэгістравацца ў Латвіі не пазьней за 14 лютага 2024 году альбо вывезьці свой транспарт за межы краіны. У адваротным выпадку аўтамабілі будуць канфіскаваныя і перададзеныя Ўкраіне.

Першапачаткова абмежавальныя дзеяньні распрацаванага Міністэрствам юстыцыі Латвіі законапраекту распаўсюджваліся і на транспарт зь беларускімі нумарамі, аднак парлямэнцкая камісія выключыла з дакумэнту адпаведныя пункты.

Камэнтуючы гэтае рашэньне, дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе і міжпарлямэнцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька заявіў, што дэмакратычным сілам удалося знайсьці «патрэбныя словы і аргумэнты, якія пераканалі дэпутатаў выключыць згадваньне грамадзян Беларусі з праекту закону аб дарожным руху».

Пазьней міністарка юстыцыі Латвіі Інэсэ Лібіня-Эгнэрэ заявіла, што будзе працягваць пошукі мэханізмаў для абмежаваньня руху па дарогах Латвіі машын зь беларускай рэгістрацыяй.

Міністарка юстыцыі нагадала, што яна ад пачатку прапанавала ўвесьці аднолькавыя абмежаваньні да аўтамабіляў з Расеі і Беларусі, але рабочая група, якая распрацоўвала пастанову, адхіліла гэтую прапанову. Распрацоўнікі рашэньня патлумачылі сваю пазыцыю тым, што ў Эўразьвязе дзейнічае норма аб канфіскацыі аўтамабіляў толькі датычна да машын з расейскай рэгістрацыяй.

Цяпер такое рашэньне ухвалілі на ўрадавым ўзроўні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG