Улады так сьпяшаліся, што нават не растлумачылі, якім заканадаўчым актам уводзяцца гэтыя захады.
Сьцісла:
- Гэта палітычна-прапагандысцкі ход. Маўляў, паглядзіце, хто стварае «жалезную заслону» на мяжы, а хто адчыняе дзьверы для эўрапейцаў.
- Відавочны і эканамічны чыньнік. Улады імкнуцца стымуляваць уязны турызм.
- Увядзеньне бязьвізу для грамадзян краін Эўропы адбываецца на тле захадаў беларускіх уладаў, каб грамадзянам Беларусі было цяжэй езьдзіць на Захад.
- Гэтае рашэньне можа выклікаць незадаволенасьць Расеі, бо беларуска-расейская мяжа, па вялікім рахунку, адкрытая. Падчас вайны гэта стварае дадатковыя рызыкі для РФ.
Беларускія ўлады пачынаюць нейкую дзіўную, не да канца зразумелую гульню, арыентаваную на Захад. У гэтай гульні ёсьць як палітычныя, так і эканамічныя складнікі.
Адзін палітычны чыньнік відавочны, ён ляжыць на паверхні. Справа ў тым, што 29 чэрвеня Эўразьвяз пашырыў санкцыі адносна Беларусі. Выконваючы іх, Польшча ўвяла значныя абмежаваньні на вываз у Беларусь розных тавараў беларускімі фізычнымі асобамі. Латвія і Літва забараніла ўезд на свае тэрыторыі аўтамабіляў зь беларускімі нумарамі.
І вось на кантрасьце з такімі захадамі суседзяў беларускія ўлады ўводзяць бязьвіз адносна грамадзян 35 эўрапейскіх дзяржаў. Гэта на дадатак да бязьвізу для грамадзян Польшчы, Літвы, Латвіі, які існаваў дасюль. Такі палітычна-прапагандысцкі ход. Маўляў, паглядзіце, хто стварае «жалезную заслону» на мяжы, а хто адчыняе дзьверы для эўрапейцаў. З гледзішча піяру жэст даволі эфэктны.
Відавочны і эканамічны чыньнік. Улады імкнуцца стымуляваць уязны турызм. Напрыклад, у Менску гатэлі, якія пабудавалі да чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 году, заселеныя зусім слаба.
Варта адзначыць, што падобныя жэсты беларускія ўлады рабілі і раней. Напрыклад, у 2017 годзе быў уведзены пяцідзённы бязьвізавы рэжым для грамадзян 80 краін, якія ўяжджалі ў Беларусь праз Нацыянальны аэрапорт «Менск». Але гэта быў пэрыяд разрадкі, нармалізацыі адносінаў паміж Беларусьсю і Захадам. Цяпер жа мы перажываем пэрыяд рэзкага абвастрэньня дачыненьняў Беларусі з ЭЗ, ЗША, Украінай.
Яшчэ важны момант. Увядзеньне бязьвізу для грамадзян краін Эўропы адбываецца на тле захадаў беларускіх уладаў, каб грамадзянам Беларусі было цяжэй езьдзіць на Захад. Памежнікі ўважліва правяраюць дакумэнты і тэлефоны беларусаў, якія перасякаюць заходнюю і паўночную мяжу. Работнікам дзяржаўных устаноў фактычна забаронена езьдзіць за мяжу без дазволу начальства. Маладзёнам, якія хочуць вучыцца ў Эўропе, штучна ствараюць розныя бар’еры. То бок для сваіх суграмадзянаў дзьверы прычыняюцца, а для замежнікаў з Эўропы — наадварот, расчыняюцца.
Таксама гэтае рашэньне сьведчыць пра адчуваньне ўстойлівасьці існага рэжыму. Ён ужо не баіцца, што эўрапейцы пачнуць «экспартаваць» сюды «каляровую рэвалюцыю». Аляксандар Лукашэнка шмат разоў апавядаў, што ў суседніх краінах створаны лягеры, дзе рыхтуюць баевікоў, гатовых уварвацца ў Беларусь, каб зрынуць існуючы тут рэжым. Цяпер высьвятляецца, што ўлады самі ня надта вераць у гэтыя «страшылкі», калі адчыняюць дзьверы.
Ня выключана, што гэтае рашэньне можа выклікаць незадаволенасьць Расеі, бо беларуска-расейская мяжа, па вялікім рахунку, адкрытая, усе, хто прыяжджае ў Беларусь, у прынцыпе, могуць лёгка трапіць у РФ. А Расея знаходзіцца фактычна ў стане вайны з Эўропай. Ва ўсялякім разе, пра гэта бясконца цьвердзяць расейскія дзяржаўныя мэдыя.
А раптам з Эўропы празь Беларусь у РФ рушаць шпіёны, дывэрсанты і іншыя ворагі? Падчас вайны ўсё зачыняецца, а не адчыняецца. Можа, гэта беларускі адказ на расейскія «шахеды», якія пачалі інтэнсіўна лётаць над Беларусьсю? Пакуль гэта пытаньне без адказу.
Форум