Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ААН прызналі зьняволеньне Бяляцкага парушэньнем міжнароднага права і запатрабавалі яго вызваліць


Алесь Бяляцкі, архіўнае фота
Алесь Бяляцкі, архіўнае фота

Працоўная група ААН заклікала ўлады Беларусі «неадкладна вызваліць Бяляцкага і даць яму права на кампэнсацыю і іншыя рэпарацыі ў адпаведнасьці зь міжнародным правам».

18 ліпеня Працоўная група ААН у адвольных затрыманьнях апублікавала дакумэнт, у якім яна прызнае зьняволеньне беларускага праваабаронцы, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага парушэньнем міжнароднага права і патрабуе яго неадкладна і безумоўна вызваліць. Пра гэта гаворыцца ў прэсавым рэлізе ААН, які паступіў у рэдакцыю Свабоды.

У сваім рашэньні Працоўная група прызнала затрыманьне Бяляцкага адвольным зь некалькіх прычын:

  • Па-першае, «не зьвяртаючы ўвагі на канкрэтныя факты і не разглядаючы альтэрнатыўныя меры стрыманьня, абапіраючыся ў асноўным на цяжар абвінавачаньняў, улады не змаглі належным чынам апраўдаць папярэдняе зьняволеньне сп. Бяляцкага, якое доўжылася каля двух гадоў». Акрамя таго, Бяляцкаму адмовілі ў праве фізычна прысутнічаць на слуханьнях у ягонай справе.
  • Па-другое, «падставай для арышту і наступнага затрыманьня Бяляцкага стала рэалізацыя ім свабоды выказваньня думак і свабоды сходаў».
  • Па-трэцяе, яго «судзіў не незалежны і бесстароньні суд», а суд пад старшынствам судзьдзі, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу за вынясеньне палітычна матываваных рашэньняў супраць мірных пратэстоўцаў. У гэтым судовым працэсе Бяляцкі быў «пазбаўлены эфэктыўнага юрыдычнага прадстаўніцтва».

Таксама Працоўная група прыйшла да высновы, што права Бяляцкага на прэзумпцыю невінаватасьці было парушана як заявамі ключавых дзяржаўных чыноўнікаў, так і тым, што ён быў вымушаны сядзець падчас судовага працэсу ў мэталічнай клетцы, што магло выклікаць перадузятасьць судзьдзяў. Працоўная група адзначыла і «выразную мадэль стаўленьня ўладаў да Бяляцкага на падставе ягоных палітычных перакананьняў і і ягонай дзейнасьці ў якасьці праваабаронцы».

Акрамя гэтага, Бяляцкаму было адмоўлена ў праве на перапіску зь сямʼёй і наведваньне яго ў турме, адзначаецца ў дакумэнце.

Прызнаючы гэтыя факты, Працоўная група заклікала ўлады Беларусі «неадкладна вызваліць Бяляцкага і даць яму права на кампэнсацыю і іншыя рэпарацыі ў адпаведнасьці зь міжнародным правам», а таксама забясьпечыць поўнае і незалежнае расьсьледаваньне абставінаў яго зьняволеньня і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.

Жонка Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук вітала рашэньне Працоўнай групы і заклікала міжнародную супольнасьць прыняць далейшыя захады, каб забясьпечыць вызваленьне Алеся Бяляцкага і іншых беларускіх палітвязьняў.

«Алесь застаецца несправядліва зьняволеным у Беларусі, удалечыні ад сямʼі, пазбаўлены неабходных лекаў і штодня жыве ў нечалавечых умовах. Я вітаю рашэньне Рабочай групы і заклікаю міжнародную супольнасьць прыняць далейшыя захады для забесьпячэньня яго вызваленьня і вызваленьня іншых палітычных зьняволеных у Беларусі. Алесь так шмат працаваў на працягу ўсяго жыцьця, змагаючыся за дэмакратыю і правы чалавека.

Я заклікаю міжнародную супольнасьць выкарыстаць гэтае рашэньне, каб змагацца за вяртаньне Алеся да жыцьця, сям’і і працы. Ад гэтага залежыць будучыня Беларусі», — сказала Натальля Пінчук.

Міжнародны адвакат Алеся Бяляцкага Джарэд Генсэр таксама вітаў рашэньне Працоўнай групы і запатрабаваў «безумоўнага і неадкладнага вызваленьня Алеся, а таксама ўсіх палітычных зьняволеных у Беларусі».

«Алесь быў адкрытым абаронцам і змагаром за правы чалавека і дэмакратыю ў Беларусі і за яе межамі. Яго затрыманьне несправядлівае, незаконнае і жорсткае», — падкрэсьліў ён.

Працоўная група ААН у адвольных затрыманьнях — незалежны і бесстароньні орган, які складаецца зь пяці сяброў, прызначаных Радай правоў чалавека ААН. Яна мае паўнамоцтвы расьсьледаваць і даваць юрыдычныя заключэньні ў меркаваных выпадках адвольнага пазбаўленьня волі.

Справа Бяляцкага ўваходзіць у сэрыю спраў, якія Працоўная група разглядала ў сувязі зь недэмакратычнымі прэзыдэнцкімі выбарамі 2020 году ў Беларусі і наступнай маштабнай хваляў арыштаў і затрыманьняў праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі.

Абсэрваторыя абароны праваабаронцаў і «Вясна» запатрабавалі вызваліць калегаў

18 ліпеня Абсэрваторыя абароны праваабаронцаў (FIDH-OMCT) і Праваабарончы цэнтар «Вясна» выступілі з сумеснай заявай у трэцюю гадавіну затрыманьня «вясноўцаў» Уладзімера Лабковіча, Алеся Бяляцкага і Валянціна Стэфановіча, у якой чарговы раз заклікалі беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць зьняволеных праваабаронцаў у Беларусі.

Арганізацыі падкрэсьліваюць, што палітычна матываваны, адвольны ўціск і жорсткае абыходжаньне з праваабаронцамі і іншымі палітвязьнямі ў беларускіх турмах у цэлым павінны неадкладна спыніцца, і заклікаюць беларускія ўлады выконваць усе свае міжнародныя абавязаньні ў галіне правоў чалавека.

Таксама яны заклікалі міжнародную супольнасьць выкарыстоўваць усе даступныя захады, каб забясьпечыць правасудзьдзе, падсправаздачнасьць і кампэнсацыю шкоды ўсім адвольна зьняволеным праваабаронцам.

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
  • Адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG