Украіна спыніла транспартаваньне нафты расейскай кампаніі «Лукойл». Гэта закране працу браціслаўскага нафтаперапрацоўчага заводу «Слоўнафт», паведамляе славацкае агенцтва TAST са спасылкай на Мінэканомікі краіны.
Абмежаваньні тычацца толькі паставак нафты ад «Лукойлу» з прычыны ўзмацненьня жорсткасьці ўкраінскіх санкцый у дачыненьні да расейскай кампаніі, піша расейская служба Радыё Свабода. Пастаўкі іншай расейскай нафты ў Славаччыну не спыняліся, сьцьвярджае Мінэканомікі Славаччыны.
Разам з тым доўгатэрміновы дэфіцыт паставак можа нэгатыўна адбіцца на працы нафтаперапрацоўчага заводу ў Браціславе. Нягледзячы на паступовы пераход да альтэрнатыўных пастаўшчыкоў энэргарэсурсаў, дзьве траціны нафты, якая перапрацоўваецца заводам, па-ранейшаму расейскага паходжаньня.
Міністар эканомікі Славаччыны заявіла, што ведамства займаецца вырашэньнем праблемы разам з украінскімі партнэрамі.
Раней аб спыненьні паставак нафты ад «Лукойла» праз Украіну паведамляў Будапэшт. МЗС Вугоршчыны заяўляла, што працуе з Расеяй над юрыдычным вырашэньнем праблемы.
Вугоршчына і Славаччына атрымліваюць нафту з Расеі праз нафтаправод «Дружба». Ён ідзе празь беларускую тэрыторыю. У Мазыры трубаправод падзяляецца на дзьве галіны. Паўночная ідзе ў Польшчу і Нямеччыну, а паўднёвая — праз Украіну ў Славаччыну, Чэхію і Вугоршчыну.
«Лукойл» знаходзіцца пад санкцыямі Ўкраіны з 2018 году, але абмежаваньні не закраналі транспартаваньня нафты. У чэрвені 2024 году санкцыі сталі больш жорсткімі. У прыватнасьці, зьявілася забарона на транзыт.
Форум