Сьцісла:
- Зараз нейкіх сур’ёзных зьменаў і ваганьняў на валютным рынку няма.
- З пачатку году насельніцтва больш прадало валюты, чым купіла, на мільярд даляраў ЗША.
- Мы бачым устойлівае, ужо некалькі гадоў, зьніжэньне валютных дэпазытаў насельніцтва.
- Галоўная прычына адмоўнага сальда ў замежным гандлі — рост цэнаў на сыравіну, найперш на нафту.
- Пакуль што мы бачым, што ўлады (найперш Нацбанк) прытрымліваюцца рынкавага падыходу ў валютнай палітыцы.
— Чарговыя статыстычныя дадзеныя паказваюць, што адмоўнае сальда замежнага гандлю павялічваецца. Які ўплыў замежны гандаль можа аказваць на рынак валют, на патэнцыйнае зьніжэньне курсу беларускага рубля?
— Што тычыцца сытуацыі на валютным рынку, то зараз нейкіх сурʼёзных зьменаў і ваганьняў няма. У прынцыпе, рынак функцыянуе ў спакойным рэжыме. Беларускі рубель да «кошыка валют» з пачатку году зьнізіўся менш як на 3%.
Гэта зусім малаважныя, невялікія ваганьні. Адмоўнае сальда, якое мы бачым, пакуль не аказвае сурʼёзнага нэгатыўнага ўплыву на валютны рынак. Чаму так адбываецца, чаму пакуль не назіраецца зьніжэньне беларускага рубля?
Тут трэба разумець, што, па-першае, адмоўнае сальда яшчэ невялікае. 500 мільёнаў даляраў у маштабах усёй эканомікі — гэта ня так шмат. І за травень прырост гэтага адмоўнага сальда быў невялікі, недзе 50–60 мільёнаў мінусу. Адмоўнае сальда павялічваецца даволі павольна, месяц да месяца.
У той жа час на ўнутраным рынку існуюць фактары, якія могуць балянсаваць попыт і прапанову. Гэта найперш паводзіны насельніцтва. Насельніцтва больш прадае валюты, чым набывае. З пачатку году насельніцтва больш прадало валюты, чым купіла, на мільярд даляраў ЗША. І, у прынцыпе, гэты працэс становіцца ўстойлівым.
— А чым бы вы патлумачылі такія паводзіны насельніцтва? Людзям проста не хапае грошай, і яны пачынаюць мяняць даляры?
— Не, я б не сказала. У кагосьці, можа, такая сытуацыя ёсьць, грошай не хапае. Але зараз мы бачым устойлівае, ужо некалькі гадоў, зьніжэньне валютных дэпазытаў насельніцтва. Гэта адбываецца таму, што стаўкі па валютных дэпазытах зусім непрымальныя, тым больш для доўгатэрміновага ашчаджэньня грошай. Насельніцтва ўвесь час забірае грошы з тэрміновых валютных дэпазытаў. Ну, і потым ужо імі распараджаецца. Частка гэтых дэпазытаў пераходзіць у рублі, гэта значыць, людзі мяняюць валюту на рублі і, напрыклад, могуць укладацца ў нерухомасьць, могуць пакласьці на рублёвы дэпазыт.
Зараз захоўваць у банку валюту стала зусім нявыгадна. А з улікам зьменаў, якія ўвёў Нацыянальны банк у апошнія дні, стала яшчэ менш выгадна. Нацыянальны банк павялічыў адлічэньні ў фонд абавязковых рэзэрваў па валютных дэпазытах. Гэта значыць, камэрцыйныя банкі зараз будуць больш адлічваць, перадаваць на захоўваньне Нацбанку 20% ад усіх валютных дэпазытаў — раней было 18%.
Гэта грошы, якія не працуюць, банкі ня могуць іх ніяк выкарыстоўваць. І, адпаведна, гэта зьніжае прывабнасьць валютных укладаў. Што будуць рабіць банкі? Яны будуць, хутчэй за ўсё, далей зьніжаць стаўкі па валютных укладах. І гэта прастымулюе насельніцтва выводзіць гэтыя грошы з валютных дэпазытаў.
— А насельніцтва больш актыўна кладзе грошы на рублёвыя дэпазыты? Альбо не адчувае вялікага даверу да рубля?
— Кладуць. Прырост у рублёвых дэпазытах ідзе за кошт заробкаў, назіраецца ператок з валютных у рублёвыя дэпазыты.
— Калі вярнуцца да гэтай статыстыкі нэгатыўнага сальда экспарту-імпарту, што найбольш прасела? Што можа быць часовай зьявай, а што ўжо трывалая тэндэнцыя?
— Лічбы замежнага гандлю паказваюць, што ідзе агульны рост і па экспарце, і па імпарце. Але экспарт расьце павольней, чым імпарт. І за кошт больш інтэнсіўнага росту імпарту адбываецца рост адмоўнага сальда. Пры тым, што па паслугах у нас заўсёды было станоўчае сальда, і яно застаецца.
Па таварах няма яшчэ дэталёвага аналізу, яшчэ Белстат не апублікаваў, але калі мы глядзім студзень-красавік, то галоўная прычына — гэта рост цэнаў на сыравіну, найперш на нафту.
— Прэм’ер-міністар Галоўчанка так і патлумачыў нэгатыўнае сальда — ростам сусьветных цэнаў на нафту.
— Так, гэта асноўны элемэнт, а таксама актыўны попыт на імпарт з боку насельніцтва за кошт росту даходаў.
— Якія на сёньня яшчэ асноўныя праблемныя пункты беларускай эканомікі?
— Праблемныя — гэта найперш недахоп кадраў. Гэта і танныя крэдыты. Цэнтрабанк робіць пэўныя вельмі асьцярожныя крокі ў бок узмацненьня грашова-крэдытнай палітыкі, але яны пакуль асабліва на банкаўскія стаўкі не ўплываюць. Плюс да гэтага яшчэ пашыраецца крэдытаваньне беларускіх тавараў.
З улікам рэгуляваньня цэнаў расьце аб’ём стратаў прадпрыемстваў, плюс зьніжаецца агульная рэнтабэльнасьць кампаніяў у параўнаньні зь мінулым годам — што гаворыць пра неэфэктыўнасьць працы эканомікі.
— Гадамі беларускія ўлады вырашалі свае эканамічныя праблемы праз дэвальвацыю. За апошнія гады рэзкіх дэвальвацыяў не бывала. Але ці не зьяўляюцца падставы лічыць, што яны зноў могуць уступіць на гэты шлях?
— Пакуль што мы бачым, што ўлады (найперш Нацбанк) прытрымліваюцца рынкавага падыходу ў валютнай палітыцы. Спадзяюся, Нацбанк будзе яе прытрымлівацца і далей, каб не ўзьнікала рэзкіх дысбалянсаў на валютным рынку.
Безумоўна, рост заробкаў і крэдытаў у будучыні можа скончыцца рэзкім скачком курсу.
Форум