Дата дня
У 1840 годзе ў справаводзтва Расейскай імпэрыі ўвайшоў тэрмін «Паўночна-Заходні край». Яго выкарыстоўвалі ў дачыненьні да Віленскай, Горадзенскай, Ковенскай, Віцебскай, Менскай і Магілёўскай губэрняў.
Да 1840 году гэтыя губэрні падзяляліся на 2 групы:
- заходнія, або беларускія (Менская, Віцебская, Магілёўская);
- паўночна-заходнія, або літоўскія (Віленская, Горадзенская, Ковенская).
18 ліпеня 1840 году Мікалай І выдаў указ аб тым, каб літоўскія і беларускія губэрні «называлі ў далейшым кожную асобна». Аднак у справаводзтве гэтыя 6 губэрняў у далейшым называлі Паўночна-Заходнім краем, у адрозьненьне ад Паўднёва-Заходняга краю — Кіеўскага генэрал-губэрнатарства.
Таксама ў гэты дзень
64 — у Рыме пачаўся «Вялікі рымскі пажар», які зьнішчыў амаль увесь горад.
1792 — перамога войска Тадэвуша Касьцюшкі над расейскай арміяй Міхаіла Кахоўскага пад Дубенкай. Касьцюшку за гэтую бітву нададзенае ганаровае грамадзянства Францыі.
1925 — першая публікацыя «Mein Kampf» Адольфа Гітлера.
1925 — у ЗША афіцыйна абвясьцілі, што жанчыны могуць быць кіроўцамі аўтамабіляў.
1936 — вайсковы путч Франсіска Франка ў Гішпаніі, які ператварыўся ў трохгадовую грамадзянскую вайну.
1947 — Кароль Вялікай Брытаніі Георг VI падпісаў закон аб незалежнасьці Брытанскай Індыі.
1954 — уведзена сумеснае навучаньне ў школах СССР.
1989 — пастановай Савету Міністраў БССР быў заснаваны Ліцэй БДУ, першыя заняткі адбыліся 10 студзеня 1990 году.
У гэты дзень нарадзіліся
1803 — Ганна Цюндзявіцкая, аўтарка першай беларускай кулінарна-гаспадарчай энцыкляпэдыі «Літоўская гаспадыня».
1902 — Мэер Аксэльрод, савецкі мастак (нарадзіўся ў Маладэчне), вядомы сваімі акварэльнымі працамі, якія адлюстроўваюць сюжэты з жыцьця габрэяў у Расейскай імпэрыі і СССР.
1906 — Сяргей Шутаў, беларускі краязнавец і археоляг.
1909 — у Старых Грамыках на Веткаўшчыне нарадзіўся Андрэй Грамыка, савецкі дзяржаўны дзяяч, шматгадовы міністар замежных справаў СССР (28 гадоў). Пасьля прызначэньня на пасаду старшыні Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР зьмяніў сваю нацыянальнасьць зь беларуса на расейца.
1918 — Нэльсан Мандэла, прэзыдэнт Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру ў 1993 годзе.
У памяці
1613 — Іпаці Пацей, дзяржаўны і царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай, багаслоў, пісьменьнік-палеміст.
Форум