Мясцовыя СМІ паведамляюць, што кіраўнік Мінабароны Польшчы разам зь міністрам унутраных спраў правялі сумесную нараду па пытаньнях умацаваньня ўсходняй мяжы краіны, піша ўкраінская служба Радыё Свабода.
Апэрацыя «Бясьпечнае Падляшша» на мяжы зь Беларусьсю стартуе 1 жніўня. У яе залучаць каля 17 тысяч вайскоўцаў. Кіраваць апэрацыяй будзе 18-я мэханізаваная дывізія.
Па словах міністра абароны, рыхтаваць вайскоўцаў на мяжы накіравалі паліцэйскіх, у тым ліку тых, хто ўдзельнічаў у місіі ў Косаве.
У Польшчы таксама «станоўча» ацанілі стварэньне буфэрнай зоны на ўсходняй мяжы. Паводле польскіх урадоўцаў, колькасьць спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы зьменшылася ўдвая.
«Гэта вельмі канкрэтны вынік, зьвязаны з тым, што мы адціснулі кантрабандыстаў ад самой мяжы», — адзначыў міністар унутраных спраў.
Раней Польшча, Літва, Латвія і Эстонія заклікалі ЭЗ пабудаваць лінію абароны ўздоўж мяжы блёку з Расеяй і Беларусьсю, каб абараніць ЭЗ ад ваенных пагроз і іншых шкодных дзеяньняў Масквы.
Некаторыя дыпляматы ЭЗ ацэньваюць кошт будаўніцтва такой лініі абароны ўздоўж 700-кіламетровай мяжы ЭЗ з Расеяй і Беларусьсю прыкладна ў 2,5 мільярда эўра (2,67 мільярда даляраў). Эўрапейскія інвэстыцыі ў абарону і яе фінансаваньне стануць адной з галоўных тэмаў для абмеркаваньня лідараў ЭЗ на саміце, паколькі вайна Расеі супраць Украіны працягваецца трэці год, а Масква нарошчвае гібрыдныя апэрацыі супраць Захаду.
Форум